Пошук

Падчас сустрэчы з экуменічнай дэлегацыяй з Фінляндыі Падчас сустрэчы з экуменічнай дэлегацыяй з Фінляндыі 

Францішак прыняў экуменічную дэлегацыю з Фінляндыі

Ісці разам наперад да адзінства, - заклікаў Пантыфік экуменічную дэлегацыю з Фінляндыі, якая 17 студзеня 2022 года наведала яго ў Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак спаслаўся на тэму сёлетняга Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян, звязаную з жэстам біблійных мудрацоў. “Дарагія сябры, мы ідзём наперад, кіруючыся пяшчотным святлом Бога, якое рассейвае цемру падзелу і накіроўвае шлях да еднасці. Мы як браты крочым да больш поўнай камуніі. Давайце дапаможам адно аднаму ў нашай экуменічнай пілігрымцы рухацца “ўсё больш і больш да Бога”, “magis ac magis in Deum”, як кажа Рэгула святога Бэнэдыкта (LXII, 4). Свет мае патрэбу ў Божым святле, і гэта святло свеціць толькі ў любові, у еднасці, у братэрстве”, - заўважыў ён.

Францішак запрасіў рухацца па шляхах міласэрнасці, якія, набліжаючы хрысціян да Езуса, прысутнага ў бедных і патрабуючых, аб’ядноўваюць іх паміж сабой. Ён заклікаў не забывацца, што па гэтых сцяжынах трэба ісці “з пакорным цярпеннем і заўсёды разам, падтрымліваючы адно аднаго”.

Папа нагадаў пра дзве “экуменічныя” падзеі, якія заклікаў адзначыць разам: у 2025 годзе прыпадае 1700-годдзе “трынітарнага і хрысталагічнага” Нікейскага сабору, а ў 2030 годзе – 500-годдзе Аўгсбургскага веравызнання, якое мела на мэце прадухіліць падзел паміж хрысціянамі. Паводле Пантыфіка, юбілеі маглі б стаць магчымасцю пацвердзіць і ўмацаваць хрысціян “у большай паслухмянасці Божай волі” і імкненні пракласці шлях “мэтам, пазначаным Небам”.

Францішак заклікаў сваіх гасцей “разам, смела і канкрэтна ісці наперад у пошуках Бога”, углядацца ў Езуса і падтрымліваць адно аднаго ў малітве.
 

17 студзеня 2022, 11:40