Пошук

Архіепіскап Дэсманд Туту Архіепіскап Дэсманд Туту  

Тэлеграма Францішка пасля смерці архіепіскапа Дэсманда Туту

“Францішак з сумам успрымае вестку аб смерці архіепіскапа Дэсманда Туту і выказвае шчырыя спачуванні яго родным і блізкім”, - гаворыцца ў тэлеграме, падпісанай Дзяржсакратаром Яго Святасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Англіканскі іерарх і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру памёр 26 снежня 2021 года на 90-м годзе жыцця.

“Памятаючы пра Яго служэнне Евангеллю, спрыянню расавай роўнасці і прымірэнню ў роднай Паўднёвай Афрыцы, Яго Святасць давярае яго поўнай любові міласэрнасці Бога. Для ўсіх, хто смуткуе пасля яго смерці, Францішак выпрошвае Божае благаслаўленне міру і суцяшэння ў Езусе”, - гаворыцца ў тэксце.

Архіепіскап Дэсманд Туту ў 1986-1996 гадах быў кіраўніком Англіканскай Царквы Паўднёвай Афрыкі і лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру ў 1984 годзе ў знак прызнання барацьбы з апартэідам і намаганняў па нацыянальным прымірэнні ў Паўднёвай Афрыцы.

“Адыход архіепіскапа-эмерыта Дэсманда Туту ў вечнасць азначае яшчэ адну главу ў развітанні нашай нацыі з пакаленнем выдатных паўднёваафрыканцаў, якія пакінулі нам у спадчыну свабодную Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку”, - напісаў прэзідэнт краіны Сірыл Рамафос.

Таксама Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю выдатнага рэлігійнага дзеяча. Амерыканскі лідар назваў Туту адным з айцоў-заснавальнікаў Паўднёвай Афрыкі, адзначыўшы яго “служэнне Евангеллю праз прасоўванне расавай роўнасці і прымірэння ў роднай Паўднёвай Афрыцы”. Акрамя таго, Байдэн адзначыў, што "мужнасцю і маральнай яснасцю" Туту натхніў рашучасць ЗША змяніць палітыку краіны "ў дачыненні да рэпрэсіўнага рэжыму апартэіду".
 

27 снежня 2021, 11:47