Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: пяшчотнасць – важны элемент медыцынскай дапамогі

Францішак нагадаў пра неад’емнае месца пяшчотнасці ў клопаце пра хворых, а таксама пажадаў, каб людзі, якія перажываюць хваробу, мелі магчымасць атрымліваць медыцынскую дапамогу ў сябе дома.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Папа даў інтэрв’ю часопісу 50mila volti, які выходзіць пад патранажам грамадскай арганізацыі Cooperativa OSA, якая аб’ядноўвае медыкаў, што клапоцяцца пра хворых у іх дамах. Ён звярнуў увагу на тое, што неад’емным элементам медыцынскай дапамогі павінна стаць “пяшчотнасць”. Гэта той шлях, які выбраў Бог, калі вырашыў уцелавіцца ў маленькім дзіцятку, - нагадаў Святы Айцец.

Пантыфік патлумачыў, што пяшчотнасць азначае блізкасць да хворых не толькі ў рамках медыцынскіх кампетэнцый, але ў першую чаргу праз удзел у канкрэтным жыцці людзей. “Гэта блізкасць, якая разумеецца як падтрымка, салідарнасць, клопат і любоў”, - сказаў ён.

Святы Айцец таксама нагадаў пра лёс шматлікіх дзяцей і пажылых людзей, якія з’яўляюцца “асноўнымі грамадзянамі экзістэнцыяльных перыферый”, і жыццё якіх, у грамадстве, празмерна засяроджаным на эфектыўнасці вытворчасці, часта лічыцца бескарысным.

“Толькі калі мы зноў пачнем клапаціцца ў першую чаргу пра тых, хто апынуўся на ўзбочыне, зможам даць знак сапраўдных змен. Калі будзем працаваць на карысць знікнення канфлікту паміж пакаленнямі і знойдзем адвагу, каб з’яднаць разам малых і вялікіх, дзяцей і пажылых, толькі тады спазнаем новую якасць жыцця ў грамадстве”, - запэўніў Папа.

Пантыфік перакананы, што хворыя павінны мець магчымасць атрымліваць дапамогу ў сябе дома, а перажыванне пакут у медыцынскіх структурах павінна адносіцца да крайніх выпадкаў. У сувязі з гэтым ён адзначыў важнасць служэння медыкаў, якія робяць магчымы досвед лячэння ў больш прывычным для хворых асяроддзі.
 

07 снежня 2021, 12:58