Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа ўхваліў змены ў Нормах аб злачынствах супраць веры

Францішак ухваліў унясенне змен у Нормы аб злачынствах супраць веры і больш сур'ёзных злачынствах, зарэзерваваных для Кангрэгацыі Веравучэння. Яны датычацца ў асноўным працэсуальных аспектаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сам дакумент быў зацверджаны 30 красавіка 2001 г. motu proprio святога Яна Паўла II Sacramentorum sanctitatis tutela. Змены ў тэкст уносіліся 21 мая 2010 г. Бэнэдыктам XVI.

Мэта карэктываў, якія ўносяцца рашэннем Францішка, – па-першае “гарманізаваць” нормы, змешчаныя ў VI Кнізе Кодэкса Кананічнага Права, абнародаваныя з motu proprio Pascite gregem Dei ад 23 мая 2021 г., якія ўступяць у сілу 8 снежня 2021 г.

Па-другое – адаптаваць шматлікія заканадаўчыя меры рознага кшталту, прынятыя з 2016 года і накіраваныя на больш надзейную і жорсткую крымінальную абарону асноўных каштоўнасцей Касцёла: веры, святасці сакрамэнтаў, жыцця самых уразлівых людзей, якія маюць абмежаваныя сродкі абароны: непаўналетніх і дарослых.

Па-трэцяе, гаворка ідзе пра ўдасканаленне карных дзеянняў Касцёла ў дачыненні да злачынстваў, зарэзерваваных для Кангрэгацыі Веравучэння, у тым ліку самых цяжкіх супраць маральнасці і цэлебрацыі сакрамэнтаў, у кантэксце дваццаці гадоў судовага вопыту, якія мінулі пасля motu proprio святога Яна Паўла II.

Нормы 2021 года не ўводзяць новыя паняцці аб злачынствах, захоўваюць без змен тып правапарушэнняў, згаданых у тэксце 2010 года і цяпер цалкам прысутных у VI Кнізе Кодэкса Кананічнага Права. Яны датычацца ў асноўным працэсуальных аспектаў, накіраваных на высвятленне крымінальнай справы і садзейнічанне яе належнаму вядзенню Касцёлам для рэалізацыі правасуддзя.
 

07 снежня 2021, 12:00