Пошук

Vatican News
Папа падчас сустрэчы з архіепіскапам Афін Іеранімам ІІ Папа падчас сустрэчы з архіепіскапам Афін Іеранімам ІІ  (Vatican Media)

Папа да грэчаскіх праваслаўных: нам трэба маліцца адно за аднаго

Прыходжу як пілігрым з вялікай павагай і пакорай, каб аднавіць апостальскую супольнасць і спрыяць братэрскай міласэрнасці, - адзначыў Папа падчас сустрэчы з праваслаўным архіепіскапам Афін.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак згадаў сваю сустрэчу з Іеранімам ІІ у 2016 г. у лагеры для мігрантаў на востраве Лесбас. “Цяпер мы зноў сустракаемся, каб падзяліцца радасцю братэрства і паглядзець на Міжземнае мора, якое нас акружае, не проста як на месца цяжкасцей і падзелаў, але і як мора, якое збліжае народы”, - заўважыў ён.

У сваёй прамове Пантыфік пастаянна спасылаўся на вобраз векавых алівак. “Разважаючы пра гэтыя дрэвы, якія нас аб’ядноўваюць, я думаю пра карані, што мы падзяляем”, - прызнаўся ён.

Святы Айцец не абышоў увагай тэму падзелу паміж заходнімі і ўсходнімі хрысціянамі. “Сусветныя клопаты атруцілі нас, пустазелле падазронасці павялічыла дыстанцыю паміж намі, мы перасталі клапаціцца пра камунію. (...) Тут, сёння, я адчуваю патрэбу чарговы раз прасіць прабачэння ў Бога і нашых братоў і сясцёр за памылкі, здзейсненыя многімі католікамі. (...) Тым не менш нас суцяшае ўпэўненасць у тым, што нашы карані апостальскія і што, нягледзячы на павароты і перапетыі часу, тое, што пасадзіў Бог, працягвае расці і прыносіць плён у тым жа Духу”, - сказаў ён 4 снежня 2021 г. у афінскім Палацы грэчаскага праваслаўнага архіепіскапа.

Францішак лічыць, што “зыходным пунктам для пабудовы камуніі з’яўляецца прызнанне нашай агульнай чалавечнасці”, прычым, адметнасці традыцыі і асаблівасці, “іншасць”, не з’яўляюцца перашкодай гэтаму. “Давайце бясстрашна дапамагаць адно аднаму хваліць Бога і служыць бліжняму, без празелітызму і з поўнай павагай да свабоды іншых. (...) Давайце прасіць Духа камуніі, каб падштурхнуў нас прытрымлівацца Яго прыкладу і дапамог заснаваць камунію не на разліках, стратэгіях і мэтазгоднасці, а на адной мадэлі, на якую мы павінны глядзець – Найсвяцейшай Тройцы”, - звярнуўся да праваслаўных Пантыфік.

Тым, што сёння можа аб’яднаць, з’яўляецца клопат аб слабых і бедных, лічыць Папа. Ён перакананы, што католікі і праваслаўныя могуць супрацоўнічаць у сферы дабрачыннасці, у вырашэнні этычных і сацыяльных праблем, “служыць людзям нашага часу і несці ім суцяшэнне Евангелля”.

Францішак нагадаў, што ў Гефсіманіі, у цяжкую гадзіну, Хрыстус прасіў сваіх вучняў аб блізкасці і малітве. Яго просьба датычыцца і сённяшніх хрысціян. “Нам трэба маліцца адно за аднаго, каб прынесці ў свет Божае суцяшэнне і вылечыць нашы параненыя адносіны. Гэта вельмі важна, калі мы хочам дасягнуць неабходнага ачышчэння мінулых успамінаў”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“Няхай Дух укрыжаванага і ўваскрослага Пана сыдзе на нас і дасць нам спакойнае, яснае і праўдзівае бачанне рэчаў (...). Няхай дапаможа нам не заставацца паралізаванымі негатыўным вопытам і прадузятасцю мінулага, а замест гэтага паглядзець на рэчаіснасць новымі вачыма”, - звярнуўся Папа.
 

04 снежня 2021, 16:20