Пошук

Падчас сустрэчы з дзецьмі з Дыспансэру святой Марты Падчас сустрэчы з дзецьмі з Дыспансэру святой Марты  

Пантыфік правёў перадкалядную сустрэчу з дзецьмі

Як і кожны год перад Божым Нараджэннем, 19 снежня 2021 года раніцай у Зале Паўла VI Папа сустрэўся з супрацоўнікамі і падапечнымі ватыканскага педыятрычнага медпункта для дзяцей з бедных сем’яў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дыспансэру святой Марты амаль 100 гадоў. Ён быў заснаваны ў Ватыкане 8 мая 1922 года дзякуючы намаганням Пія XI. Тут працуе персанал ватыканскай педыятрычнай бальніцы Bambino Gesù і іншых цэнтраў аховы здароўя.

У каляднай сустрэчы прынялі ўдзел больш за 350 чалавек. Разам з Папам быў ягоны элемазінарый, кардынал Конрад Краеўскі. Францішак уступіў з дзецьмі ў спантанны дыялог і патлумачыў ім, чаму трэба дапамагаць адно аднаму.

“Любіць іншага чалавека, гэта назіраць і прыслухоўвацца да таго, што трэба людзям. Мы ўсе павінны прыслухоўвацца да патрэб людзей, бо заўсёды ёсць тыя, каму мы патрэбны. Але калі мы не будзем глядзець ім прама ў вочы, мы ніколі не зразумеем, у чым яны маюць патрэбу. Слухайце іх, глядзіце на іх і слухайце. “Слухаць” – важнае слова. Чалавек, які не слухае іншых, слухае толькі сябе”, - адзначыў Папа.

У Дыспансэры святой Марты, якім апякуюцца Сёстры міласэрнасці святога Вінцэнта дэ Поля, атрымліваюць дапамогу дзеці з сем’яў, якія знаходзяцца ў цяжкім фінансавым становішчы, з усяго свету, незалежна ад рэлігійнай прыналежнасці.
 

20 снежня 2021, 10:11