Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: Caritas – любячая рука Касцёла для бедных

На заканчэнне сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі Святы Айцец павіншаваў з 70-годдзем найбуйнейшую каталіцкую дабрачынную арганізацыю Caritas Internationalis.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Скіроўваю мае віншаванні Caritas Internationalis, якой спаўняецца 70 гадоў. Яна зусім дзяўчынка! Павінна расці і ўмацоўвацца яшчэ больш”, - сказаў 12 снежня 2021 г. Пантыфік, нагадваючы, што гэта каталіцкая дабрачынная арганізацыя з’яўляецца “любячай рукой Касцёла для бедных і найбольш уразлівых, у якіх прысутнічае Хрыстус”.

“Заклікаю вас працягваць выконваць ваша служэнне з пакорай і крэатыўнасцю, каб дасягнуць самых маргіналізаваных і спрыяць інтэгральнаму развіццю як супрацьяддзю культуры адчужэння і абыякавасці”, - дадаў Святы Айцец. Ён выказаў падтрымку глабальнай кампаніі пад назвай “Разам – мы” (Together We), накіраванай на ўключэнне лакальных супольнасцей у клопат пра навакольнае асяроддзе і бедных.

“Раны, нанесеныя нашаму супольнаму дому, маюць драматычныя наступствы для самых апошніх, але супольнасці могуць садзейнічаць экалагічнаму навяртанню. Таму заклікаю далучыцца да гэтай кампаніі Caritas Internationalis”, - сказаў Францішак. Напрыканцы звароту ён заклікаў да рацыяналізацыі дзейнасці арганізацыі, каб грошы, якія яна збірае, не заставаліся ў структуры, а накіроўваліся на дапамогу бедным.
 

12 снежня 2021, 13:44