Пошук

Vatican News
Папа падчас сустрэчы з каталіцкай супольнасцю Грэцыі Папа падчас сустрэчы з каталіцкай супольнасцю Грэцыі 

Пантыфік да Касцёла ў Грэцыі: давярайце Богу і будзьце адкрытымі

Давер да Бога і адкрытасць на тое, што Бог ужо пасеяў у сэрцах іншых людзей, неабходны для добрай евангелізацыі, - падкрэсліў Папа ў звароце да каталіцкай супольнасці Грэцыі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

4 cнежня 2021 г. у катэдральным касцёле св. Дыянісія ў Афінах Пантыфік сустрэўся з грэчаскімі каталіцкімі біскупамі, святарамі, дыяканамі, кансэкраванымі асобамі і катэхетамі.

“Я рады сустрэцца з вамі на гэтай зямлі, якая з’яўляецца дарам, спадчынай чалавецтва, на якой збудаваны фундамент Захаду. Мы ўсе крыху з’яўляемся дзецьмі і даўжнікамі вашай краіны: без паэзіі, літаратуры, філасофіі і мастацтва, якія развіліся тут, мы не можам пазнаць шматграннасць чалавечага жыцця і адказаць на шматлікія ўнутраныя пытанні пра жыццё, любоў, боль і смерць”, - заўважыў на пачатку прамовы Папа.

Францішак нагадаў, што ад самага пачатку хрысціянства Грэцыя стала “майстэрняй інкультурацыі веры”, славутай, дзякуючы святому жыццю і літаратурнай дзейнасці Айцоў Касцёла, а ў першую чаргу прапаведванню апостала Паўла, які даў пачатак сустрэчы паміж хрысціянствам і грэчаскай культуры.

У сувязі з гэтым Пантыфік узгадаў зварот Апостала народаў да афінскага Арэапагу (Дз 17,16-34) – савету старцаў і мудрацоў, што вырашалі пытанні грамадскай важнасці. Святы Айцец прапанаваў паразважаць над двума аспектамі пропаведзі Паўла, якія могуць быць актуальнымі для Касцёла ў наш час.

У першую чаргу Папа заўважыў, што Павел меў давер да Бога, бо мужна абвяшчаў Евангелле нават знаходзячыся перад людзьмі, якія былі настроены супраць яго. “Магчыма, часта на нашым шляху мы таксама адчуваем стомленасць, а часам і расчараванне па той прычыне, што з’яўляемся малой супольнасцю ці Касцёл з абмежаванымі сіламі і не заўсёды дзейнічаем у спрыяльным кантэксце. Падумайце пра гісторыю Паўла ў Афінах”, - сказаў Пантыфік.

“Ён быў адзін, у меншасці, яго шанцы на поспех былі малымі”, але “не паддаўся спакусе наракання”, бо давяраў Богу, “якому падабаецца дзейнічаць у нашай маласці”, - дадаў Папа.

“Дарагія браты і сёстры, будзем мець давер, бо быццё малым Касцёлам робіць нас красамоўным знакам Евангелля, знакам Бога, якога абвяшчаў Езус, які выбірае малых і бедных, які змяняе гісторыю простымі ўчынкамі апошніх. Ад нас, як ад Касцёла, не патрабуецца дух заваявання і перамогі, грандыёзнасць вялікіх лічбаў, свецкае ззянне. Усё гэта – небяспечнае. Гэта спакуса трыўмфалізма”, - сказаў Папа, заклікаючы грэчаскіх католікаў натхняцца евангельскімі вобразамі гарчычнага зерня і закваскі.

Пантыфік заклікаў Касцёл у Грэцыі “благаслаўляць сваю маласць і прыняць яе”. “Быць меншасцю, якой у свеце з’яўляецца Касцёл, не значыць быць нязначнымі, але праходзіць шлях, які праклаў Пан: шлях маласці”, - дадаў Папа, нагадваючы, што Бог прынізіўся і збавіў нас, стаўшы слугой.

Другі аспект дзейнасці апостала Паўла, на які звярнуў увагу Святы Айцец – гэта адкрытасць на іншых. Гэта ўнутраная пазіцыя неабходная для евангелізацыі: “не захопліваць прастору і месца і жыццё іншага чалавека”, а вучыцца “прымаць і распазнаваць зерні, якія Бог ужо ўклаў у яго сэрца, яшчэ да нашага прыйсця”.

Апостал прызнаваў годнасць сваіх суразмоўцаў і прымаў іх рэлігійную адчувальнасць, імкненне да Бога, схаванае ў сэрцах гэтых людзей, і імкнуўся з дабрынёй дзяліцца з ім цудам веры. Ён нічога не навязваў, а прапаноўваў, грунтаваўся не на празелітызме, а на лагоднасці Езуса, - заўважыў Пантыфік, адзначаючы, што такі падыход стаў магчымым, таму што Павел меў духоўны погляд на рэчаіснасць: ён верыў, што Святы Дух заўсёды працуе ў сэрцы чалавека.

“Таксама і нам сёння патрэбны адкрытасць, гасціннасць, сэрца, натхнёнае жаданнем ствараць адзінства паміж чалавечымі, культурнымі, рэлігійнымі адметнасцямі”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы католікаў да супрацоўніцтва з вызнаўцамі іншых канфесій і поглядаў у духу даверу да Бога і адкрытасці.
 

04 снежня 2021, 18:17