Пошук

Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі дзіцячага крыла італьянскага аддзялення руху Каталіцкая акцыя Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі дзіцячага крыла італьянскага аддзялення руху Каталіцкая акцыя 

Пантыфік да дзяцей: размаўляйце з Езусам пра ўсё

18 снежня 2021 года Францішак сустрэўся ў рамках аўдыенцыі ў Ватыкане з прадстаўнікамі дзіцячага крыла італьянскага аддзялення руху Каталіцкая акцыя.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Кожны з нас – непаўторны чалавек. Мы – не ксеракопіі, мы ўсе арыгінальныя! І важна, каб кожны дзень з радасцю мы апраналі “адзенне” сваёй арыгінальнасці. Падумайце, у гісторыі няма нікога і ніколі не будзе такога, як вы. Кожны з вас – непаўторна прыгожы”, - звярнуўся Папа да падлеткаў.

Францішак дадаў, што такім непаўторным кожнага ўспрымае і любіць Збаўца. “Езус, Які прыйшоў у свет дзіцём, верыць у свет, прызначаны для дзяцей. Ён даў нам зразумець гэта, нарадзіўшыся ў Бэтлееме. Але і сёння Ён блізкі да дзяцей кожнай краіны і кожнага народа, і так будзе заўсёды. Гэта Божы стыль, які апісваецца трыма словамі: блізкасць, спачуванне і пяшчота”, - звярнуўся Пантыфік.

Папа заклікаў дзяцей заставацца бліжнімі для сям'і, сяброў, аднагодак, патрабуючых. “Вы заўсёды можаце зрабіць нешта для іншых, не чакаючы, што іншыя зробяць нешта для нас. Можна заўсёды быць місіянерам Евангелля і быць ім усюды (...). Але каб зрабіць гэта, трэба прыняць стыль Езуса, заставацца Яго сведкамі, мы павінны найперш быць побач з Ім, вызваліць для Яго месца. Не бойцеся прысвячаць Яму час у малітве, гаварыць з Ім пра сваіх сяброў, прасіць у Яго сілы ў цяжкасцях, казаць Яму, калі вы шчаслівыя, а калі баіцеся, размаўляць з Ім пра ўсё”, - параіў Францішак.

Святы Айцец пажадаў сваім маладым гасцям і іх сем'ям, а таксама ўсяму руху Каталіцкая акцыя “шчаслівага і святога Божага Нараджэння”.
 

18 снежня 2021, 13:24