Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: кансэкраванае жыццё плённае ў еднасці з Божым народам

Папа падкрэсліў, што кансэкраванае жыццё нараджаецца ў Касцёле. Яно развіваецца і можа прыносіць евангельскія плёны толькі ў Касцёле, у жывой еднасці з верным Божым Народам.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

11 снежня 2021 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця. Святы Айцец выказаў падзяку сваім гасцям за тое, што яны робяць для кансэкраванага жыцця ў Касцёле, адзначаючы, што яно з’яўляецца сапраўдным “Евангеллем для сучаснага свету”, а таксама запэўніў у блізкасці ўсіх, “хто верыць у будучыню кансэкраванага жыцця”.

Пантыфік звярнуў увагу ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння ватыканскага ведамства на тое, што складаныя сітуацыі, з якімі яны сустракаюцца штодзённа патрабуюць распазнання і суправаджэння, глыбокага вывучэння, ведання гісторыі, дыялогу з настаяцелямі супольнасцей і пастырамі. “Гэта сур’ёзная і цярплівая праца распазнання, не можа здзяйсняцца па-за перспектывай веры і малітвы. Распазнаваць і суправаджаць. Суправаджаць асабліва супольнасці, якія былі заснаваны нядаўна, якія найбольш падвержаны рызыцы самадастатковасці”, - сказаў Пантыфік.

На думку Папы, галоўным крытэрыем пры распазнанні павінна быць здольнасць супольнасці ці інстытута кансэкраванага жыцця да “інтэгравання ў жыццё святога Божага народу дзеля агульнага дабра”. “Кансэкраванае жыццё нараджаецца ў Касцёле, развіваецца і можа прыносіць евангельскія плёны толькі ў Касцёле, у жывой еднасці з верным Божым Народам. Таму “вернікі маюць права на тое, каб быць папярэджанымі пастырамі адносна сапраўднасці харызматаў і надзейнасці тых, што прадстаўляецца як заснавальнікі”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Папа зазначыў, што пры распазнанні і суправаджэнні неабходна заўсёды “захоўваць увагу да заснавальнікаў, якія часам імкнуцца станавіцца самадастатковымі, лічыць сябе адзінымі распарадчыкамі ці інтэрпрэтатарамі харызмату, быццам знаходзяцца па-над Касцёлам”. Трэба быць пільнымі да таго, “як спаўняецца служэнне ўлады, з асаблівай увагай да раздзялення паміж унутранай і знешняй падсуднасцю, працягласцю мандата і засяроджваннем улады”. Таксама трэба захоўваць увагу да злоўжыванняў аўтарытэтам і ўладай, - сказаў Францішак.

Гаворачы пра важнасць распазнання ў сферы зацвярджэння новых інстытутаў, новых форм кансэкраванага жыцця і новых супольнасцей, Пантыфік заклікаў да развіцця супрацоўніцтва з дыяцэзіяльнымі біскупамі, якіх, у сваю чаргу, заахвоціў быць адкрытымі на таго роду суправаджэнне.

“Гэта супрацоўніцтва, гэта ўзаемадзеянне паміж Дыкастэрыяй і біскупамі дазволіць пазбегнуць – як таго патрабуе Сабор – непатрэбнага паўстання інстытутаў, пазбаўленых дастатковай матывацыі і належнага запалу. Ваша служэнне з’яўляецца каштоўным для прадстаўлення пастырам і Божаму Народу дзейсных крытэрыяў для распазнання”, - сказаў Папа.

“Узаемнае слуханне паміж структурамі Святога Пасаду і пастырамі, а таксама вышэйшымі настаяцелямі, гэта найважнейшы аспект сінадальнага шляху, які мы распачалі. Але ў больш шырокім і фундаментальным сэнсе, я сказаў бы, што кансэкраваныя асобы пакліканы рабіць важны ўклад у гэты працэс: уклад, які яны чэрпаюць – ці павінны чэрпаць – з блізкасці з практыкай братэрства і сумеснага ўдзелу як у абшчынным жыцці, так і ў апостальскай дзейнасці”, - падкрэсліў Святы Айцец.

11 снежня 2021, 12:56