Пошук

Базыліка Саграда Фамілія ў Барселоне Базыліка Саграда Фамілія ў Барселоне 

Пантыфік пра сімвалізм марыйнай вежы базылікі Саграда Фамілія

Францішак скіраваў відэапасланне з нагоды ўрачыстага адкрыцця вежы, прысвечанай Найсвяцейшай Панне Марыі, на базыліцы Саграда Фамілія ў Барселоне.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Будаванне храма ў гонар Святой Сям’і, задуманага архітэктарам Антоніа Гаўдзі напрыканцы ХIХ стагоддзя, працягваецца дагэтуль. Згодна з праектам святыня павінна мець васямнаццаць вежаў, прысвечаных Езусу, Багародзіцы, чатыром евангелістам і дванаццаці апосталам.

Ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая адзначалася ў Каталіцкім Касцёле 8 снежня 2021 г., у базыліцы прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця дабудаванай вежы, прысвечанай Маці Божай. Яе ўвянчала дванаццаціпромневая зорка за сталі і шкла.

“Найсвяцейшая Панна Марыі – гэта Зорка новай евангелізацыі”, - падкрэсліў у сваім пасланні Папа, заклікаючы вернікаў скіраваць позірк да зоркі на вежы і сузіраць Багародзіцу. “Кожны раз, калі мы глядзім на Марыю, пачынаем зноў верыць у пераможную моц далікатнасці і чуласці” (Evangelii gaudium, 288), - нагадаў ён.

Папа назваў Багародзіцу “творам мастацтва”, бо “ў дасканалай гармоніі з Божай задумай, Яна стала самай святой, пакорнай і паслухмянай перад Богам”, а Гаўдзі хацеў, каб мы вучыліся быць святыняй гэтай таямніцы па прыкладзе Марыі. Пантыфік нагадаў, што хрысціяне пакліканы наследаваць Маці Божую ў “штодзённых жэстах любові і служэння”.

“Няхай гэта зорка, якая заззяла сёння, асвеціць вас, каб перабіраючы пацеркі ружанцу, вы раз і назаўсёды сказалі “так” Божай ласцы і рашучае “не” граху. Молячыся разам з Марыяй мы разважаем пра таямніцы жыцця Езуса, але мы таксама распазнаём шлях, указаны Ім, атрымліваючы сілу для непрыняцця насілля і імгненнай выгады”, - сказаў іспанскім вернікам Францішак.

Святы Айцец запэўніў у сваёй малітве аб тым, каб “кожны мог зрабіць Барселону больш зручнай і гасціннай для ўсіх”, а таксама даверыў асаблівай апецы Бога сем’і і людзей, надзеленых уладай. Папа нагадаў пра пакуты бедных і адчужаных, якія “знаходзяцца ў сэрцы Бога”, падкрэсліваючы, што ў многіх выпадках “мы адказныя за беднасць і адчужэнне”, і заклікаючы да рэфлексіі над гэтым.

Напрыканцы відэапаслання Пантыфік звярнуў увагу на важнасць клопату пра пажылых людзей. “Не будзем адчужаць пажылых: яны – не адпрацаваны матэрыял, а жывая памяць. Ад іх сыходзяць жыццядайныя сокі, дзякуючы якім усё можа расці. Будзем прасоўваць дыялог паміж моладдзю і пажылымі людзьмі, каб перадавалася мудрасць, якая дазволіць і расці і расквітнець”, - пажадаў Францішак.
 

09 снежня 2021, 11:35