Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Папа: за няздольнасць захаваць стварэнне мы адкажам на Божым судзе

Святы Айцец скіраваў пасланне да біскупаў Шатландыі, прымеркаванае да завяршэння 26-й Канферэнцыі бакоў Рамачнай канвенцыі ААН аб зменах клімату, якая 1-12 лістапада 2021 г. праходзіць у Глазга.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак заўважыў, што, на жаль, не змог прыняць удзел у COP26, але падзякаваў біскупам Шатландыі за малітву аб паспяховых выніках гэтай сустрэчы, “прызначанай для вырашэння адной з найвялікшых маральных праблем нашага часу: захавання Божага стварэння, якое было дадзена нам як сад, які трэба даглядаць, і як супольны дом для нашай чалавечай сям’і”.

Папа заклікаў да малітвы “аб дарах мудрасці і сілы для тых, каму даручана кіраваць міжнароднай супольнасцю, каб імкнуліся адказаць на гэты сур’ёзны выклік канкрэтнымі рашэннямі, заснаванымі на адказнасці перад сучаснымі і будучымі пакаленнямі”.

“Час прамінае і гэта магчымасць не павінна быць змарнавана, інакш нам давядзецца адказваць на Божым судзе за нашу няздольнасць быць вернымі распарадчыкамі свету, які Ён нам даверыў”, - дадаў Святы Айцец.

Пантыфік падзякаваў каталіцкай супольнасці ў Шатландыі за вернасць Пану і Яго Касцёлу. Ён запэўніў у сваёй малітве за сем’і, моладзь, пажылых, хворых людзей і ўсіх, хто пакутуе ад наступстваў пандэміі. “Няхай у гэтыя нялёгкія часы ўсе паслядоўнікі Хрыста ў Шатландыі пацвердзяць сваю гатоўнасць быць пераканаўчымі сведкамі радасці і сілы Евангелля, якое напаўняе святлом і надзеяй усе намаганні па будаванні будучыні справядлівасці, братэрства і росквіту, як матэрыяльнага, так і духоўнага”, - напісаў Францішак.
 

11 лістапада 2021, 10:33