Пошук

Vatican News
Цырымонія ўручэння Ордэна Пія IX Цырымонія ўручэння Ордэна Пія IX  (Vatican Media)

Святы Айцец уручыў высокія ўзнагароды ватыканістам

Місія журналіста заключаецца ў тым, каб праясняць свет і дапамагаць тым, хто жыве ў ім, менш баяцца яго і глядзець на іншых людзей з большым даверам, - перакананы Францішак.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

13 лістапада 2021 г. Папа ўзнагародзіў Вялікім крыжам Пія IX двух “ветэранаў” ватыканістыкі і яго “спадарожнікаў у падарожжах” – журналістку мексіканскага Noticieros Televisa Валянціну Алашракі і амерыкана-італьянскага карэспандэнта агенцтва Reuters Філіпа Пулела. У гэтым кантэксце Святы Айцец узгадаў таксама пра расійскага журналіста агенцтва ТАСС Аляксея Булгакава, памерлага ў 2018 г., прызнаўшыся, што “носіць яго ў сваім сэрцы, бо гэта быў цудоўны чалавек”.

“Да журналістыкі прыходзяць не столькі праз выбар прафесіі, колькі праз уключэнне ў місію, крыху на падабенства медыка, які вучыцца і працуе, таму што немачы ў свеце трэба лячыць. Ваша місія заключаецца ў тым, каб тлумачыць свет і праясняць яго, дапамагаць тым, хто жыве ў ім, менш баяцца яго і глядзець на іншых з большым разуменнем, а таксама з большым даверам. Гэта нялёгкая місія. Складана думаць, разважаць, аналізаваць, спыняцца, каб сабраць у адно цэлае ідэі, вучыць кантэкст і тое, што папярэднічала навіне. Вы добра ведаеце, што існуе рызыка застацца раструшчаным навіной замест таго, каб даць ёй сэнс”, - сказаў Папа.

На думку Святога Айца, добры журналіст павінен умець слухаць, аналізаваць і расказваць. Слухаць – гэта значыць сустракацца тварам у твар з рэальнасцю, з людзьмі і крыніцамі, з якіх чэрпаецца інфармацыя. Для гэтага трэба не паддавацца “тыраніі пастаяннай прысутнасці анлайн, у сацыяльных сетках, у інтэрнэце”, умець ахвяроўваць час і быць гатовымі “сцерці падэшвы абутку” на вуліцах гарадоў.

Святы Айцец заўважыў, што ў інтэрнэце, “на жаль, пераважае логіка спрашчэння і супрацьпастаўлення”, таму самы важны ўклад, які можа зрабіць журналіст, гэта аналіз – знаёмства з кантэкстам, прэцэдэнтамі і ключамі для зразумення падзей.

Пантыфік падкрэсліў, што таксама ў сферы інфармацыі аб Апостальскай Сталіцы не ўсё, што гаворыцца, з’яўляецца “новым” і “рэвалюцыйным”. “Традыцыя і вучэнне працягваюцца і развіваюцца, супастаўляючыся з ўсё новымі і новымі патрэбамі часу, у якім мы жывём, і асвячаючы іх Евангеллем”, - сказаў ён.

Гаворачы пра важнасць здольнасці журналіста расказваць пра падзеі, Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што тут нельга ставіць на першы план сябе ці ўласнае суджэнне, але трэба дазволіць, каб нас “кранулі і часам паранілі гісторыі, якія распавядаем, каб быць здольнымі з пакорай расказаць іх” чытачам. Пантыфік падзякаваў журналістам, якія інфармуюць таксама пра нядобрае ў Касцёле, бо так яны дапамагаюць “не захоўваць гэта пад дыванком”, і за тое, што даюць голас ахвярам злоўжыванняў.

Святы Айцец заклікаў журналістаў памятаць пра тое, што Касцёл – гэта не палітычная арганізацыя, падобная на парламент, у якім ёсць “правыя” і “левыя”, і не транснацыянальная карпарацыя, у галаве якога стаяць менеджэры, якія за сталом абмяркоўваюць як лепш прадаць прадукт. Касцёл не будуецца на ўласным праекце, не чэрпае сілы з сябе, не жыве за кошт маркетынгавых стратэгій, не мае ўласнага святла, а з’яўляецца “mysterium lunae”, пра якое казалі Айцы першых стагоддзяў.

“Касцёл складаецца з грэшных людзей, як і ўсе астатнія, ён узнік і існуе для таго, каб адлюстроўваць святло Іншага, святло Езуса, менавіта як месяц адлюстроўвае святло сонца. Касцёл існуе для таго, каб несці свету слова Езуса і рабіць магчымай сёння сустрэчу з жывым Езусам, становячыся міласэрнымі абдымкамі для ўсіх”, - сказаў, завяршаючы сваю прамову, Францішак.
 

13 лістапада 2021, 12:48