Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: мір гарантуе не зброя, а ўзаемны давер

Неабходна выйсці лепшымі з пандэміі COVID-19, - нагадаў Францішак у пасланні да ўдзельнікаў IV Парыжскага мірнага форума – міжнароднага форума, які праходзіць 11-13 лістапада 2021 г.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Папа заўважыў, што ў актуальны гістарычны перыяд чалавецтва апынулася перад выбарам і першая магчымасць тычыцца так званага “вяртання да нармальнага жыцця”. Францішак, аднак, нагадаў, што да пандэміі багацце і эканамічны рост былі ўдзелам меншасці, у той час як мільёны людзей не былі ў стане забяспечыць свае самыя элементарныя патрэбы і весці годнае жыццё; планета знішчалася недальнабачным выкарыстаннем рэсурсаў, забруджваннем і спажывальніцтвам згодна з прынцыпам “скарыстайся і выкінь”, была паранена войнамі і выпрабаваннямі зброі масавага знішчэння.

“Вяртанне да нармальнага жыцця азначала б таксама вяртанне да старых сацыяльных структур, натхнёных самадастатковасцю, нацыяналізмам, пратэкцыянізмам, індывідуалізмам і ізаляцыянізмам”, якія адчужаюць нашых самых бедных братоў і сясцёр. Такую будучыню мы хочам выбраць?”, - спытаў Святы Айцец.

На думку Францішка, чалавецтва павінна змяніць кірунак, яно патрабуе новага шляху і мае патрэбу ў тым, каб сумесна працаваць, намагаючыся выйсці з сітуацыі лепшым, чым было раней.

У першую чаргу Папа падкрэсліў, што не можа быць супрацоўніцтва на карысць міру без інтэгральнага раззбраення. Ён заўважыў, што зараз ваенныя выдаткі на сусветным узроўні перавысілі ўзровень, зарэгістраваны напрыканцы “халоднай вайны” і працягваюць расці кожны год. Пантыфік зазначыў, што пагроза выкарыстання сілы не гарантуе міру і ў многіх выпадках прыводзіла да вялізарных гуманітарных трагедый, а таксама працытаваў словы св. Яна ХІІІ, які сцвярджваў, што “сапраўдны супакой можна пабудаваць выключна на ўзаемным даверы”.

Святы Айцец звярнуў увагу на вялікую патрэбу ў надзеі, бо яна “дае сілы, стымулюе розум і надзяляе волю сваім дынамізмам”, запрашае марыць пра вялікае і ўяляць новыя магчымасці.

“Перад абліччам наступстваў вялікай буры, якая скалыхнула свет, наша сумленне кліча да адказнай надзеі”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што гэта значыць прыняць выклік, кінуты крызісам, як “канкрэтную магчымасць для навяртання, перамены, пераасэнсавання нашага ладу жыцця і нашых эканамічных і сацыяльных сістэм”. “Адказная надзея дазваляе нам адкінуць спакусы лёгкіх рашэнняў і дае адвагу, неабходную, каб крочыць па шляху агульнага дабра, клопату пра бедных і супольны дом”, - дадаў ён.

“Давайце не змарнуем гэту магчымасць палепшыць наш свет”, - заклікаў Святы Айцец заклікаючы прыняць рашэнні, патрэбныя для таго, каб даць пачатак прагрэсу і будаванню міра: ствараць эканамічныя мадэлі, які будуць служыць патрэбам усіх і захоўваюць дары прыроды, а таксама весці дальнабачную палітыку, якая будзе спрыяць інтэгральнаму развіццю чалавечай сям’і.
 

11 лістапада 2021, 12:45