Пошук

Vatican News
Будынак Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэшыі Будынак Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэшыі  

Святы Айцец нагадаў пра пакліканне каталіцкіх універсітэтаў

Каталіцкія ўніверсітэты пакліканы дапамагаць моладзі стаць па-сапраўднаму выбітнымі людзьмі, гатовымі выконваць адказныя заданні ў грамадстве і сведчыць пра сваю веру перад светам, - лічыць Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Напрыканцы аўдыенцыі, якая 24 лістапада 2021 г. прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, дэлегацыя Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца Езуса ўручыла Францішку трэці том зборніку зваротаў Пантыфікаў і італьянскіх біскупаў, скіраваных пры розных нагодах да гэтай навучальнай установы – адной з найбуйнейшых у Еўропе.

Выданне было падрыхтавана да 100-годдзя ўніверсітэта, заснаванага 7 снежня 1921 г. Прадмову да яго напісаў Францішак, адзначаючы, што юбілей “дае магчымасць убачыць наколькі плённай і каштоўнай з’яўляецца адукацыйная дзейнасць Касцёла”, дазваляючы “моладзі рэалізаваць атрыманыя дары і зрабіць уклад у агульнае дабро”.

Пантыфік нагадаў пра высокае пакліканне каталіцкіх універсітэтаў дапамагаць студэнтам станавіцца “па-сапраўднаму выбітнымі людзьмі, гатовымі выконваць адказныя заданні ў грамадстве і сведчыць пра сваю веру перад светам”.

Папа назваў Каталіцкі ўніверсітэт Найсвяцейшага Сэрца Езуса “сапраўднай трэніровачнай пляцоўкай для культурнага развіцця, хрысціянскай фармацыі і шляхоў святасці”. Гісторыя гэтай установы, на яго думку, з’яўляецца “яскравым прыкладам эфектыўнасці і плённасці саюзу паміж верай і навукай, тэалогіяй і ведамі, духоўным вымярэннем і рацыянальнасцю”.

“Заснаваны ў неспакойны перыяд паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі, універсітэт сустракаўся з супрацьстаяннем з розных бакоў і заўсёды змагаўся з велізарнымі эканамічнымі і арганізацыйнымі цяжкасцямі. Тым не менш ён здолеў пераадолець усе перашкоды і паступова пашырыць дыяпазон сваёй адукацыйнай і культурнай дзейнасці, стаўшы адным з важнейшых універсітэтаў Еўропы і свету. Гэта гісторыя, якую трэба памятаць, каб выказаць удзячнасць Пану і ўсім, пачынаючы ад заснавальнікаў, хто ставіў перад сабой задачу рабіць універстэт маяком, які свеціць ва ўсе эпохі, гарантуючы хрысціянскую фармацыю і кваліфікаваную прысутнасць католікаў у грамадстве”, - напісаў Пантыфік.

Францішак пажадаў, каб навучальная ўстанова працягвала выконваць гэту місію, будучы адкрытай на дыялог, міждысцыплінарны падыход, спрыянне культуры сустрэчы, стварэнне сетак адносін і захоўваючы ўвагу да самых апошніх у грамадстве.

Святы Айцец назваў яшчэ адным фундаментальным заданнем інтэграцыю “традыцыйных пазнанні і персаналістычнай антрапалогіі з патрабаваннямі сучасных ведаў і інавацыямі ў розных галінах навукі: ад нейрабіялогіі да лічбавай камунікацыі, ад квантавага і сістэмнага падыходу да мудрага і збалансаванага выкарыстання штучнага інтэлекту”.
 

24 лістапада 2021, 11:58