Пошук

Vatican News
Папа Францішак Папа Францішак  (AFP or licensors)

Францішак звярнуўся да ўдзельнікаў Сацыяльных тыдняў Францыі

Мы не павінны баяцца марыць, асабліва калі гэтая мара датычыцца ўсіх і рэалізуецца разам, - напісаў Папа да ўдзельнікаў Сацыяльных тыдняў Францыі – сустрэчы якая праходзіць ужо ў 95-ы раз. Сёлета – анлайн.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак спаслаўся на тэму сустрэчы: Асмелімся марыць пра будучыню. Клопат аб людзях і зямлі. Ён падкрэсліў, што гаворка сёння ідзе пра мару "аб грамадстве, якое змагаецца за правы самых бедных, каб іх голас быў пачуты, а годнасць абаронена"; мару аб свеце, здольным захаваць свой культурны здабытак і дапамагчы "чалавечай прыгажосці заззяць у многіх адносінах".

Пантыфік заклікаў да стварэння грамадства, якое дбайна ставіцца да Стварэння і прымае евангельскую вестку – “абвяшчэнне аб тым, што Бог бясконца любіць кожнага чалавека”.

Дзяліцца марамі, паводле Святога Айца, значыць ажыццяўляць "культуру сустрэчы", і гэта – вельмі важны элемент у свеце, ахопленым амаль двухгадовай пандэміяй каронавіруса. У гэтым кантэксце неабходна ўжо сёння думаць пра будучыню, у якой людзі жывуць надзеяй: хрысціяне павінны “несці ў свет гэтую цудоўную дабрадзейнасць” у цяперашні вырашальны момант для будучыні планеты.

Надзея заўсёды надзелена смеласцю, заўважыў Францішак, “яна ўмее выходзіць за рамкі асабістага камфорту і адкрывацца вялікім ідэалам, якія робяць жыццё яшчэ больш прыгожым і годным”. Надзея – гэта “імкненне, прага, жаданне паўнаты і дабрабыту, што напаўняе сэрца і ўзносіць дух да вялікіх рэчаў, такіх як ісціна, дабро, прыгажосць, справядлівасць і любоў”.

Папа заклікаў удзельнікаў версальскай сустрэчы “падтрымліваць і абараняць Стварэнне, прасоўваць клопат пра яго і самых уразлівых людзей”, падтрымліваць “цэласнае развіццё кожнага чалавека, таксама ў яго фундаментальным духоўным вымярэнні”.
 

27 лістапада 2021, 11:15