Пошук

Vatican News
Дзеці падчас сбору бавоўны ў Афганістане. Ілюстрацыйнае фота Дзеці падчас сбору бавоўны ў Афганістане. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Папа ў абарону дзяцей, вымушаных працаваць у сельскай гаспадарцы

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці, кард. П’етра Паралін накіраваў пасланне ад імя Папы на інаўгурацыйную сесію Сусветнай сустрэчы па ліквідацыі дзіцячай працы ў сельскай гаспадарцы.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Сустрэчу арганізавала Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН (ФАО) у супрацоўніцтве з Міжнароднай арганізацыяй працы.

Па словах Францішка, рабская праца дзяцей сёння стала бізуном, які жорстка раніць іх асабістую годнасць і гарманічнае развіццё, скарачае і разбурае іх жыццё, каб задаволіць патрэбы буйной вытворчасці сярод дарослых.

Пашырэнне феномена правакуе пандэмія, якая прывяла да таго, што ўсё больш і больш дзяцей кідаюць школу. Гэта азначае не толькі страту магчымасцей, якія дазволяць падлеткам справіцца з праблемамі дарослага жыцця, але і часта прыводзіць да таго, што яны хварэюць з прычыны дрэнных умоў, у якіх вымушаны працаваць не па сілах.

У пасланні гаворыцца, што тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак пакутуюць ад жорсткага абыходжання, злоўжыванняў і дыскрымінацыі. Сітуацыя тым больш драматычная, што бацькі вымушаныя адпраўляць дзяцей на працу, бо без іх актыўнага ўдзелу яны не змаглі б утрымліваць сям'ю.

Папа заклікаў удзельнікаў міжнароднай сустрэчы абараніць мір і шчасце дзяцей. Інвестыцыя ў будучыя пакаленні – гэта таксама самае выгаднае ўкладанне з эканамічнага пункту гледжання. Ім павінны быць створаны належныя ўмовы для развіцця. Неабходна таксама дапамагчы сем'ям дробных фермераў, каб яны не былі вымушаны адпраўляць дзяцей у вёску з мэтай павялічыць даходы.

Абараняць дзяцей азначае даць ім усе магчымасці стаць свабоднымі, сумленнымі і салідарнымі членамі грамадства. Неабходны сумесны ўдзел міжнародных і нацыянальных інстытутаў у гарантаванні дзецям і моладзі рэалізацыі іх мар, атрыманні асалоды ад жыцця, адукацыі і падрыхтоўкі да дарослага жыцця.
 

03 лістапада 2021, 09:49