Пошук

Папа падчас сустрэчы з італьянскім епіскапатам Папа падчас сустрэчы з італьянскім епіскапатам 

Папа ўручыў італьянскім іерархам “Благаслаўленні біскупа”

Папа прыняў удзел у адкрыцці 75-й Генеральнай асамблеі Канферэнцыі Біскупаў Італіі. Ён сустрэўся з іерархамі за закрытымі дзвярыма вечарам 22 лістапада 2021 г. у канферэнц-зале атэля Ergife Palace у Рыме.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Змест звароту Святога Айца застаўся канфідэнцыйным. Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што Папа ўручыў біскупам абразкі з выявай Добрага Пастыра і тэкстам так званых “Благаслаўленняў біскупа”, узятых з гамілій арцыбіскупа Неапаля Даменіка Батальі, прамоўленай 31 кастрычніка 2021 г.

Восем “благаслаўленняў”, напісаных па прыкладзе евангельскіх, тычыліся розных аспектаў штодзённага служэння біскупаў: “Шчаслівы біскуп, які беднасць і дзяленне зрабіў сваім ладам жыцця, бо сваім сведчаннем ён будуе Валадарства Нябеснае.

Шчаслівы біскуп, які не баіцца заліць свой твар слязьмі, каб у іх маглі адлюстравацца пакуты людзей, цяжкасці святароў, бо знойдзе Божае суцяшэнне ў абдымках з пакутуючымі.

Шчаслівы біскуп, які лічыць сваю функцыю служэннем, а не ўладай, робячы лагоднасць сваёй сілай, даючы ўсім права на грамадзянства ў сваім сэрцы, бо атрымае зямлю, абяцаную ціхім.

Шчаслівы біскуп, які не замыкаецца ў службовых палацах, не становіцца бюракратам, больш уважлівым да статыстыкі, чым да абліччаў, больш уважлівым да працэдур, чым да гісторый, імкнучыся змагацца поруч з чалавекам за мару пра Божую справядлівасць, бо Пан, якога сустракае ў штодзённай малітве, будзе яго пасілкам.

Шчаслівы біскуп, сэрца якога адкрыта на нястачы свету, які не баіцца запэцкаць рукі ў гліне чалавечай душы, каб адшукаць ў ёй Божае золата, які не абураецца граху і кволасці іншых, усведамляючы ўласную слабасць, бо погляд на Укрыжаванага Уваскрослага будзе для яго пячаткай бясконцага прабачэння.

Шчаслівы біскуп, які змагаецца з падвойнасцю сэрца, які пазбягае ўсялякіх неадназначных працэсаў, які марыць пра дабро нават сярод зла, бо зможа радавацца абліччу Бога, знаходзячы Яго адлюстраванне ў кожнай лужы гораду людзей.

Шчаслівы біскуп, які з’яўляецца міратворцам, які спадарожнічае шляхам прымірэння, які сее ў сэрцы святара зерне адзінства, які суправаджае падзеленае грамадства на шляху да згоды, які вядзе за руку кожнага чалавека добрай волі да будавання братэрства: Бог прызнае яго сваім сынам.

Шчаслівы біскуп, які дзеля Евангелля не баіцца ісці супраць плыні, робячы “рашучым” сваё аблічча, як Хрыстус, калі ўваходзіў у Ерузалем, не дазваляючы стрымаць сябе непаразуменню і перашкодам, бо ведае, што Божае Валадарства расце насуперак свету”.

Пасяджэнне італьянскага епіскапату будзе працягвацца да 25 лістапада. Яно прысвечана сінадальнаму шляху Касцёла ў Італіі, які распачаўся ў мае. 24 лістапада з іерархамі сустрэнецца кардынал Марыё Грэк, Генеральны сакратар Сінода Біскупаў.
 

23 лістапада 2021, 11:21