Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Святы Айцец: крызіс сужэнскіх адносін – не праклён, а магчымасць

6 лістапада 2021 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі членаў міжнароднай асацыяцыі Retrouvaille (Уз’яднанне), мэта якой заключаецца ў дапамозе сужонкам у пераадоленні крызісу адносін і захаванні сям’і.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Першае слова, якім я хацеў бы падзяліцца з вамі, гэта менавіта слова “крызіс”, - сказаў Папа сваім гасцям, нагадваючы, што шмат разоў звяртаўся да разважання над ім у кантэксце пандэміі. На думку Францішка, крызіс павінен разглядацца як магчымасць, а ў кантэксце сужэнства, як магчымасць для пераходу на якасна новы ўзровень адносін.

Пантыфік заклікаў не баяцца крызісаў, бо яны дапамагаюць узрастаць пры ўмове, што не ператвараюцца ў канфлікт, які закрывае сэрца. Францішак падкрэсліў, што немагчыма выйсці з крызісу не змяніўшыся: з яго выходзяць або лепшымі, або горшымі. "Не трэба баяцца крызісаў, трэба баяцца канфліктаў!", - дадаў ён, заўважаючы таксама, што з крызісу цяжка выйсці ў адзіночку.

Папа нагадаў, што крызіс выклікае раны на сэрцах і целах людзей. “Раны” – гэта ключавое слова для вас, яно ўваходзіць у штодзённы лексікон Retrouvaille. Яно частка вашай гісторыі: насамрэч, вы з’яўляецеся параненымі парамі, якія прайшлі праз крызіс і аздаравіліся; і менавіта таму вы ў стане дапамагчы іншым параненым сем’ям”, - сцвердзіў Пантыфік, адзначаючы, што досвед членаў асацыяцыі з’яўляецца каштоўным дарам, у тым ліку для Касцёла.

“Сёння ёсць вялікая патрэба ў людзях, у сужонках, здольных сведчыць пра тое, што крызіс – гэта не праклён, што ён з’яўляецца часткай шляху і ўяўляе сабой магчымасць”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што члены Retrouvaille носяць жыццёвае сведчанне, якім трэба дзяліцца з іншымі людзьмі, бо “тэарэтычныя прамовы” і “пабожныя заклікі” не пераканаўчыя.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што ў духоўнасці асацыцыі вельмі важнае месца займае сувязь паміж евангельскім Добрым Самаранінам і Уваскрослым Хрыстом, якіх лучаць раны на целе, у сувязі з чым яны атаясамліваліся паміж сабой Айцамі Касцёла. “Ваш досвед дапамагае ўбачыць, што гэтым Самаранінам з’яўляецца Уваскрослы Хрыстус, які носіць на сваім хвалебным целе раны, і менавіта па гэтай прычыне з’яўляецца здольным – як кажа Пасланне да Габрэяў (пар. 5,2) – спачуваць параненаму чалавеку, пакінутаму на ўскраіне дарогі, ранам усіх нас”, - патлумачыў Францішак.

Іншае слова, на якім засяродзіў увагу Папа – “суправаджаць”. У кантэксце душпастырства сем’яў, яно тычыцца не толькі пастыраў, будучы часткай іх служэння, але таксама і сужонкаў. Асацыяцыя Retrouvaille у гэтым сэнсе з’яўляецца прыкладам, бо “нарадзілася “знізу”, як часта здараецца, калі Святы Дух стварае ў Касцёле новыя структуры, што адказваюць на новыя патрэбы”, - заўважыў Францішак.

У якасці “біблійнага вобраза” Пантыфік нагадаў пра Езуса, які суправаджаў вучняў на шляху ў Эмаўс, які слухаў, у чым заключаўся іх крызіс, запрашаў іх распавесці, выказацца, а потым напоўніў іх здзіўленнем, паказваючы іншую перспектыву, якая існавала раней, але дагэтуль была не разумелай ім: “не разумелі, што Хрыстус павінен быў пакутаваць і памерці на крыжы, што крыж з’яўляецца часткай гісторыі збаўлення”.

Францішак звярнуў увагу на тое, што Езус знаходзіўся побач з гэтым вучнямі, затрымаўся для таго, каб есці разам з імі, “губляў з імі час”. “Суправаджаць значыць “губляць час”, быць побач у крызісных сітуацыях. І нярэдка патрэбна шмат часу, патрэбна цярплівасць, павага, адкрытасць. Усё гэта значыць “суправаджаць”. Вы пра гэта добра ведаеце”, - сказаў Папа сваім гасцям, завяршаючы прамову.
 

06 лістапада 2021, 12:35