Пошук

Vatican News
Папа падчас аўдыенцыі для канкурсантаў Christmas Contest Папа падчас аўдыенцыі для канкурсантаў Christmas Contest  (Vatican Media)

Пантыфік: прыгажосць Божага Нараджэння – у малых жэстах любові

Прыгажосць Божага Нараджэння пакорная і поўная чалавечага цяпла, - нагадаў Францішак удзельнікам і арганізатарам каляднага музыкальнага конкурсу Christmas Contest.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

22 лістапада 2021 г., у літургічны ўспамін св. Цэцыліі, апякункі ўсіх, хто праслаўляе Бога музыкай і спевам, Папа сустрэўся ў Ватыкане з маладымі артыстамі, музыкантамі і кампазітарамі. Удзельнікі конкурсу Christmas Contest павінны былі стварыць новыя спевы, натхнёныя Божым Нараджэннем і яго каштоўнасцямі, а яго пераможцы выступяць на традыцыйным калядным канцэрце ў Ватыкане, які адбудзецца ў сярэдзіне снежня.

Францішак заўважыў, што калядныя агні “таксама і сёлета прыглушаны па прычыне наступстваў пандэміі”, але трэба “не губляць надзею”. “Свята Божага Нараджэнне не ўваходзіць у дысананс з выпрабаваннямі, якія перажываем, бо з’яўляецца ў першую чаргу святам спагады і пяшчотнасці, а яго прыгажосць пакорная і поўная чалавечага цяпла”, - сказаў ён.

“Прыгажосць Божага Нараджэння выяўляецца ў малых жэстах канкрэтнай любові”, якая “робіць сэрца больш шырокім і адкрывае яго на бескарыслівасць, самаадданасць, а таксама можа  даваць жыццё культурным, сацыяльным і адукацыйным працэсам”, - запэўніў Пантыфік.

Папа заўважыў, што менавіта такімі з’яўляюцца мэты Глабальнага адукацыйнага саюза, пакліканага “выхоўваць сталых людзей, здольных перамагаць падзелы і супрацьстаянне і аднаўляць палатно адносін для больш братэрскага чалавецтва”.

“Для дасягнення гэтых мэт патрэбна адвага, каб паставіць чалавека ў цэнтр, а сябе – на службу грамадству. Патрэбна мужнасць і крэатыўнасць”, - сказаў Пантыфік, заўважаючы, што менавіта так паступілі канкурсанты Christmas Contest, якія “напісалі новыя калядныя спевы і падзяліліся імі з яшчэ больш маштабным праектам, які бачыць у прыгажосці шлях чалавечага росту і мараў пра лепшы свет”.

Пантыфік прызнаўся, што яму прыемна паўтараць словы Паўла VI, пра тое, што “свет, у якім мы жывём, патрабуе прыгажосці, каб не трапіць у роспач”. Гаворка аднак не ідзе пра прыгажосць “фальшывую, якая складаецца з паказной вонкавасці і зямнога багацця, пустую, і якая стварае пустату”.

“Зусім не! Гаворка ідзе пра прыгажосць Бога, які стаў чалавекам, пра прыгажосць абліччаў і гісторый; пра прыгажосць стварэнняў, якія насяляюць наш супольны дом і разам з намі праслаўляюць Бога, як вучыць нас св. Францішак Асізскі”, - падкрэсліў Папа.

Напрыканцы звароту Святы Айцец падзякаваў маладым удзельнікам аўдыенцыі за тое, што яны “не забываюць быць ахоўнікамі той прыгажосці, якая – дзякуючы Нараджэнню Пана – ззяе ў кожны штодзённым жэсце любові, узаемнай падтрымкі і служэння”.
 

22 лістапада 2021, 13:06