Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак пра патрэбу ў гуманізме, адкрытым на розныя культуры

Адшукаць сэнс і каштоўнасць чалавека, каб адказаць на сучасныя выклікі, - заклікаў Папа ў відэапасланні, скіраваным 23 лістапада 2021 г., з нагоды заканчэння пленарнай сесіі Панскай рады па культуры.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік заўважыў, што пандэмія не толькі паказала крохкасць актуальнай сацыяльнай і эканамічнай мадэлі, але зноў паставіла “фундаментальныя пытанні быцця: пытанне пра Бога і пра чалавека”. У гэтым кантэксце, на яго думку, тэма пленарнай сесіі Папскай рады – неабходны гуманізм – мае ключавое значэнне.

“Насамрэч, на дадзеным этапе гісторыі нам патрэбны не толькі новыя эканамічныя праграмы ці новыя рэцэпты ад віруса, але, у першую чаргу, новая гуманістычная перспектыва, заснаваная на біблійным Адкрыцці, узбагачаная спадчынай класічнай традыцыі, а таксама рэфлексіяй пра чалавечую асобу, прысутнай у розных культурах”, - сцвердзіў Францішак.

Святы Айцец нагадаў, што ў часы Другога Ватыканскага Сабора адбывалася сутыкненне паміж свецкім, секулярызаваным і матэрыялістычным гуманізмам і рэлігійным. У сувязі з гэтым Павел VI казаў: “Рэлігія Бога, які стаў чалавекам, сустрэлася з рэлігіяй (бо яна з’яўляецца такой) чалавека, які зрабіў сябе Богам”.

У такой сітуацыі Павел VI прапаноўваў не асуджаць чалавецтва, а наследаваць прыклад Добрага Самараніна – адносіцца “з сімпатыяй да чалавека і яго дасягненняў, да яго радасці і надзеі, яго сумневаў, смутку і трывогі”. Чалавецтва, закрытае на трансцэндэнтнасць, у сваю чаргу, ён заклікаў прызнаць “наш новы гуманізм”, бо таксама і Касцёл любіць чалавека.

На думку Святога Айца, таксама і сёння Касцёл можа шмат даць свету. У кантэксце сучаснай “рэвалюцыі”, якая закранае “асноўныя вузлы” чалавечага існавання і патрабуе творчых высілкаў думкі і дзеяння, “мы не заўсёды можам абмяжоўвацца адмаўленнем і крытыкай”. “Хутчэй ад нас патрабуецца пераасэнсаваць прысутнасць чалавека ў свеце ў святле гуманістычнай традыцыі: як слугі жыцця, а не яго гаспадара, як будаўніка агульнага дабра на каштоўнасцях салідарнасці і спагады”, - сказаў ён.

Папа заўважыў, што разам з пытаннем пра Бога, “якое застаецца фундаментальным для самаго чалавечага існавання”, важным з'яўляецца таксама пытанне пра чалавека і яго асобу: “Што значыць сёння быць мужчынам і жанчынай, якія дапаўняюць адзін аднаго і пакліканы да адносін? Што значаць словы “бацькоўства” і “мацярынства”? Што робіць чалавека выключным і непаўторным у параўнанні з машынамі і іншымі відамі жывых істотаў? У чым яго непрамінаючае пакліканне? Адкуль паходзіць наша пакліканне будаваць сацыяльныя адносіны з іншымі?”.

На яго думку, “асноўныя каардынаты”, каб адказаць на гэтыя пытанні, прапануе Святое Пісанне. “Біблійны гуманізм у плённым дыялогу з каштоўнасцямі класічнай грэчаскай і лацінскай думкі даў пачатак высокаму бачанню чалавека, яго паходжання, яго канчатковага лёсу, яго ладу жыцця на гэтай зямлі. Гэта злучэнне антычнай і біблійнай мудрасці яшчэ застаецца плённай парадыгмай”, - сцвердзіў ён.

У той жа час Пантыфік падкрэсліў, што біблійны і класічны гуманізм, павінен з мудрасцю адкрыцца “на ўклад сучаснай гуманістычнай традыцыі і іншых культур”. “Я думаю, напрыклад, пра цэласнае бачанне азіяцкіх культур адносна пошуку ўнутранай гармоніі і гармоніі са стварэннем, або пра салідарнасць, уласцівую афрыканскім культурам, неабходную, каб перамагчы празмерны індывідуалізм, уласцівы заходняй культуры. Важнай з’яўляецца таксама антрапалогія народаў Лацінскай Амерыкі з яе сэнсам свята і сям’і, а таксама культуры карэнных народаў усёй планеты”, - сказаў ён.

“Усе гэтыя культуры, формы гуманізму, будучы злучанымі з еўрапейскім бачаннем, атрыманым у спадчыну ад грэка-рымскай цывілізацыі і перамененым хрысціянскай, становяцца сёння лепшай прыладай для вырашэння трывожных пытанняў аб будучыні чалавецтва”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што ў наш час як ніколі раней свет павінен адшукаць сэнс і каштоўнасць чалавека, каб адказаць на выклікі, якія стаяць перад ім.
 

23 лістапада 2021, 15:25