Пошук

Vatican News
Падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў матча Fratelli tutti Падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў матча Fratelli tutti  (AFP or licensors)

Святы Айцец: інтэграцыя – шлях да мірнага суіснавання

20 лістапада 2021 г. Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікамі дабрачыннага матча паміж папскай камандай і прадстаўнікамі World Rom Organization (Сусветнай арганізацыі цыганоў).

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец заўважыў, што ў склад яго зборнай увойдуць некаторыя швейцарскія гвардзейцы, святары з Рымскай курыі, ватыканскія супрацоўнікі і іх дзеці, а таксама малады футбаліст з сіндромам Даўна і тры мігранты. “Гэта каманда ў якой няма бар’ераў і якая робіць інклюзіўнасць нечым звычайным”, - дадаў ён.

Францішак нагадаў, што сустракаючыся з цыганскай супольнасцю ў Кошыцах, падчас свайго нядаўняга візіту ў Славакію, ён казаў пра “бязлітасныя суджэнні, дыскрымінуючыя стэрэатыпы, абразлівыя жэсты і словы” ў адносінах да цыганоў, які “робяць чалавецтва бяднейшым”. “Каб вярнуць годнасць трэба перайсці ад асуджэння да дыялогу, ад закрытасці да інтэграцыі”, - нагадаў Пантыфік.

На думку Святога Айца, дабрачынны футбольны матч Fratelli tutti, які адбудзецца 21 лістапада на стадыёне трэніровачнай базы клуба Lazio, дэманструе, што шляхам “да мірнага суіснавання з’яўляецца інтэграцыя”. Ён падзякаваў World Rom Organization, за правядзенне шматлікіх інтэграцыйных спартыўный сустрэч для дзяцей у Харватыі, назваўшы гэту дзейнасць “знакам надзеі”, бо “вялікія мары дзяцей не могуць натыкацца на нашы бар’еры”.

“Дзеці, усе дзеці, маюць права расці разам, без перашкод і дыскрымінацыі, а спорт – гэта месца сустрэчы і роўнасці, і можа будаваць грамадствы праз масты сяброўства”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што не важна, хто заб’е больш галоў, бо галоўным з’яўляецца гол, дзякуючы якому пераможа надзея.

 

20 лістапада 2021, 14:02