Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: мігранты – знак надзеі на салідарную будучыню

16 лістапада 2021 г. Папа скіраваў пасланне з нагоды адкрыцця фотавыставы “Тварам да будучыні”, прымеркаванай да 40-годдзя рымскага Centro Astalli – структуры Езуіцкай службы дапамогі мігрантам.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У экспазіцыі, адкрытай у касцёле Сант-Андэа-аль-Квірынале ў гістарычным цэнтры Вечнага горада, прадстаўлены дваццаць фотапартрэтаў мігрантаў і бежанцаў, якія атрымалі дапамогу ў каталіцкай дабрачыннай установе.

Папа нагадаў, што выбраны народ ішоў па пустыні да Абяцанай зямлі на працягу доўгіх сарака гадоў. “Таксама і на працягу апошніх сарака гадоў гісторыі развіццё чалавецтва не было лёгкім: колькасць людзей, вымушаных уцякаць са сваёй зямлі, пастаянна расце”, - заўважыў ён.

Многія мігранты ўцякаюць ад жыццёвых умоў, “параўнальных з рабствам”, многія спазналі жахі вайны, жыццё без свабоды і правоў, наступствы экалагічных праблем і “не мелі іншай магчымасці акрамя той, каб вырушыць у дарогу да бяспечнага месца і там споўніць мары і памкненні, рэалізаваць таленты і здольнасці”.

Францішак заўважыў, што гэты шлях у многіх выпадках пралягаў праз “пустыні чалавечнасці і глабальнай абыякавасці, якая высушвае адносіны паміж людзьмі”. Ён нагадаў пра канфлікты ў розных частках свету, пашырэнне нацыяналізму і папулізму, будаванне муроў і вяртанне мігрантаў у небяспечныя месцы, што “здаецца адзіным рашэннем, на якое здольныя ўрады ў кіраванні перамяшчэннем людзей”.

На працягу апошніх сарака гадоў, аднак, былі таксама і “шматлікія знакі надзеі”, якія дазваляюць марыць пра тое, што людзі, як новы народ, будуць разам пілігрымаваць у кірунку “ўсё большага "мы”.

“Знакам і абліччам” гэтай надзеі з’яўляюцца мігранты, якія носяць у сабе “гарачае прагненне поўнага і шчаслівага жыцця” і дапамагаюць “не паўтараць памылак мінулага, змяняць сучаснасць і будаваць мірную будучыню”, - перакананы Папа. Іншы знакам надзеі ён назваў людзей, якія дапамагаюць мігрантам, кіруючыся прагненнем больш справядлівага свету, дзе годнасць і правы належаць усім.

“Прыйшоў час і нам жыць у Абяцанай зямлі, зямлі салідарнасці, якая ставіць нас на службу адзін аднаму. Прыйшоў час для супольнага дома, які складаецца з братэрскіх народаў”, - сказаў Святы Айцец, заклікаючы да рэалізацыі “культуры сустрэчы”, будавання мастоў і планавання супольных ініцыятыў, што і стане “Абяцанай зямлёй для ўсіх”.
 

16 лістапада 2021, 13:21