Пошук

Vatican News
Падчас аўдыенцыі для прадстаўнікоў Сям'і Паолінэ Падчас аўдыенцыі для прадстаўнікоў Сям'і Паолінэ  (Vatican Media)

Францішак да паўлістаў пра сродкі камунікацыі ў якасці “амбоны”

Бл. Джакама Альбэрыёнэ з вялікай прадбачлівасцю змог зразумець у ХХ ст. патрэбу ў евангелізацыі з дапамогай самых эфектыўных інструментаў і мовы, якія прапануе тэхнічны прагрэс, - адзначыў Папа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

25 лістапада 2021 г. у Ватыкане Францішак сустрэўся з Сям'ёй Паолінэ – прадстаўнікамі пяці манаскіх кангрэгацый, чатырох свецкіх інстытутаў кансэкраванага жыцця, апостальскага руху свецкіх і іншых структур, заснаваных кс. Альбэрыёнэ. Нагодай стала 50-я гадавіна з дня смерці благаслаўлёнага.

Папа назваў яго “ўзорным сведкам Слова” і прыгадаў характарыстыку, якую даў святару св. Павел VI: “пакорны, маўклівы, нястомны, заўсёды пільны, заўсёды сабраны ў сваіх думках, якія бягуць ад малітвы да працы, той, які заўсёды імкнецца ўважліва вывучыць “знакі часу” – самыя геніяльныя спосабы дасягнуць душы”. “Дон Альбэрыёне часта паўтараў, што вашым сапраўдным заснавальнікам з'яўляецца апостал Павел”, - нагадаў сваім гасцям Францішак.

“Тэхналагічная эвалюцыя прымусіла ўсю касцёльную супольнасць прыняць сучасныя прылады камунікацыі як элемент звычайнага душпастырства; і сёння неабходная – я б сказаў, яшчэ больш, – ваша прысутнасць, ажыўленая вашай харызмай і ўзбагачаная досведам працы “ў полі”, - звярнуўся Пантыфік да Сям'і Паолінэ.

Папа нагадаў пра сінадальнае падарожжа, распачатае ў кастрычніку Касцёлам. Ён папрасіў паслядоўнікаў кс. Альбэрыёнэ ўнесці ў гэты важны працэс свой уклад.

Францішак заклікаў паўлістаў працягваць вывучаць “прароцкую каштоўнасць сведчання заснавальніка” і па яго прыкладзе і праз яго заступніцтва правільна выбіраць сродкі камунікацыі ў якасці “амбоны”.

Няхай Марыя, Каралева Апосталаў, суправаджае вас на вуліцах свету як апосталаў Евангелля, як тых, хто “вучыцца ў простых людзей”, - пажадаў Папа, цытуючы кс. Альбэрыёнэ.
 

25 лістапада 2021, 12:49