Пошук

Францішак заклікае Касцёл маліцца за катэхетаў

Сусветная сетка малітвы Святога Айца апублікавала відэаролік, у якім Папа абвясціў малітоўную інтэнцыю на снежань. На працягу бліжэйшага месяца ён заклікае маліцца за катэхетаў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Катэхеты выконваюць незаменную місію ў перадачы і паглыбленні веры. Свецкае служэнне катэхетаў – гэта пакліканне, місія. Служыць катэхетам значыць “быць ім”, а не “працаваць ім”. Гаворка ідзе пра цэласны лад жыцця, і патрэбны добрыя катэхеты, якія адначасова з’яўляюцца і спадарожнікамі, і педагогамі. Патрэбны крэатыўныя людзі, якія абвяшчаюць Евангелле не напаўголасу і не крыкам, але ўласным жыццём, пакорна, на новых мовах, адкрываючы новыя шляхі”, - сказаў Папа.

“У многіх дыяцэзіях, на многіх кантынентах евангелізацыя ў асноўным знаходзіцца ў руках катэхетаў. Будзем жа ўдзячныя катэхетам за ўнутраны энтузіязм, з якім яны жывуць сваёй місіяй, служачы Касцёлу”, - дадаў ён.

“Будзем разам маліцца за катэхетаў, пакліканых абвяшчаць Божае слова, каб яны маглі сведчыць пра яго мужна і крэатыўна, з сілай Святога Духа, з радасцю і вялікім супакоем”, - агучыў малітоўную інтэнцыю Пантыфік.
 

30 лістапада 2021, 15:55