Пошук

Францішак з лаўрэатамі Прэміі Ратцынгера за 2020 г. і 2021 г. Францішак з лаўрэатамі Прэміі Ратцынгера за 2020 г. і 2021 г. 

Францішак уручыў прэмію імя свайго папярэдніка

13 лістапада 2021 г. у Ватыкане ўручылі Прэмію Ратцынгера лаўрэатам за 2020 г. і за 2021 г. Яе прысудзілі сёлета ўжо ў адзінаццаты раз за папулярызацыю тэалогіі ў сучасным свеце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Дынаміка чалавечага розуму і духу сапраўды бязмежная ў пазнанні і стварэнні. Гэта ўздзеянне “іскры”, якую запальвае Бог у асобе, створанай па Яго вобразу, здольнай шукаць і знаходзіць усё новыя сэнсы ў стварэнні і гісторыі, працягваць выяўляць жыццёвую сілу духу ў фарміраванні і пераўтварэнні матэрыі”, - адзначыў Францішак віншуючы сёлетніх і мінулагодніх лаўрэатаў.

Прэмію за 2021 г. уручылі прафесару Ханне-Барбары Герль-Фалькавіц, вядомай даследчыцы спадчыны Эдыт Штайн і Рамана Гуардзіні, і прафесару Людгеру Швіенхорст-Шонбергеру, які лічыцца адным з вядучых знаўцаў Кнігі Мудрасці і Песні Песень. З рук Пантыфіка яе атрымалі і лаўрэаты 2020 г.: французскі філосаф і тэолаг Жан-Люк Марыён і аўстралійская даследчыца спадчыны Бэнэдыкта XVI Трэйсі Роўланд.

Папа звярнуў увагу на тое, што “плён даследаванняў і мастацтва не выспяваюць выпадкова і без намаганняў”, патрэбна “не толькі глыбіня думкі і тэкстаў або прыгажосць мастацкіх твораў, але і праца, шчодра і горача ўкладзеная на працягу многіх гадоў, каб узбагаціць вялізную чалавечую і духоўную спадчыну, якой трэба дзяліцца”. Ён назваў гэта “неацэнным служэннем на карысць узвышэння духу і годнасці асобы, якасці ўзаемаадносін у чалавечай супольнасці і плённасці місіі Касцёла”.

“Гэта ўзнагарода справядліва прысуджаецца ад імя майго папярэдніка. Таму гэта магчымасць для мяне разам з вамі яшчэ раз звярнуцца да яго з нашымі ласкавымі, удзячнымі і паважлівымі думкамі. (...) Мы адчуваем, што Ён суправаджае нас малітвай, пастаянна скіроўваючы свой позірк да гарызонту Бога. Сёння мы дзякуем яму асабліва за тое, што ён заставаўся прыкладам гарачай адданасці вывучэнню, даследаванню, пісьмовай і вуснай камунікацыі; за тое, што заўсёды поўнасцю і гарманічна яднаў свае культурныя даследаванні з верай і служэннем Касцёлу”, - адзначыў Францішак.

Пантыфік назваў трылогію пра Езуса аўтарства Бэнэдыкта XVI яго "самым важным даследаваннем” і “ўнікальным асабістым сведчаннем аб пастаянным пошуку аблічча Бога”. Яго пантыфікат, дадаў Францішак, “характарызаваўся яркім вучэннем і нязменнай любоўю да Праўды”.

Святы Айцец заклікаў лаўрэатаў сёлетняй Прэміі натхняцца біскупскім і папскім дэвізам Бэнэдыкта XVI Cooperatores Veritatis.
 

13 лістапада 2021, 13:09