Пошук

Vatican News
Падчас св. Імшы ў Сусветны дзень моладзі Падчас св. Імшы ў Сусветны дзень моладзі 

Францішак да моладзі: будзьце крытычным сумленнем грамадства

Папа ўзначаліў св. Імшу ў ватыканскай базыліцы ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету. Сёлета ўпершыню менавіта ў апошнюю нядзелю літургічнага года адзначаецца дыяцэзіяльны 36-ы Сусветны дзень моладзі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сваёй гаміліі, цалкам скіраванай да моладзі, Францішак падкрэсліў, што “Езус будзе мець апошняе слова ў нашым існаванні”. “Гэтае прароцтва надзеі асвятляе нашы ночы. Яно кажа нам, што Бог прыходзіць, прысутнічае, што Ён дзейнічае і накіроўвае ход гісторыі да сябе, да таго, што добра”, - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец заахвоціў моладзь не баяцца марыць, па прыкладу біблейскага прарока Даніэля, і накіроўваць свае мары з надзеяй да Бога. “Гэта самая цяжкая і захапляльная задача, якую вам даверылі: цвёрда стаяць на зямлі, калі, здаецца, усё рушыцца; быць вартавымі, якія бачаць святло ў начных візіях; быць будаўнікамі сярод руін; умець марыць”, - звярнуў увагу ён.

Папа нагадаў, што мары маладога пакалення важныя для ўсяго Касцёла. “Мы ўдзячныя вам за тое, што вы марыце: што вы робіце Езуса марай свайго жыцця і прымаеце Яго з радасцю, з заразлівым энтузіязмам, які дапамагае нам! (...) Ён любіць вашы мары і дапамагае вам іх ажыццявіць”, - сказаў ён.

Спасылаючыся на сцэну, у якой Езус стаіць перад Пілатам, Папа падкрэсліў мужнасць і бескампраміснасць Хрыста ў выкананні Яго збаўчай місіі. “Езус не хавае сваёй сапраўднай прыроды, не хавае сваіх намераў, не выкарыстоўвае выратавальны круг, кінуты Пілатам. Не. З адвагай праўды ён адказвае: Я – кароль. Ён бярэ на сябе адказнасць за сваё жыццё: Я прыйшоў каб выканаць сваю місію, і я буду сведчыць да канца аб Валадарстве Айца”, - заўважыў Францішак 21 лістапада 2021 г.

Папа запрасіў маладых людзей вучыцца ў Езуса бескампраміснасці і праўдзівасці ў выкананні хрысціянскай місіі ў свеце. “Трэба апынуцца перад Езусам, каб мець магчымасць стаць перад сабой у праўдзе. Трэба сузіраць Яго, каб быць свабодным унутры, праліць святло на жыццё і не быць збітым з шляху дзівацтвамі моманту, штучнымі агнямі спажывальніцтва, якое асляпляе і паралізуе. Сябры, мы тут не для таго, каб быць зачараванымі русалкамі гэтага свету, а для таго, каб узяць нашае жыццё ў свае рукі, “угрызціся ў наша жыццё”, пражыць яго напоўніцу!", - сцвердзіў Пантыфік.

Францішак лічыць, што сённяшняму свету, параненаму злом, не патрэбны “далейшыя амбівалентныя кампрамісы, яму не патрэбны людзі, якія ходзяць туды-сюды, як марскія хвалі”, яго выратуюць асобы свабодныя і праўдзівыя, якія стануць “крытычным сумленнем грамадства”.

“Захоўвайце ў сабе запал да праўды, каб сваімі марамі вы маглі сказаць: маё жыццё не паняволена логікай гэтага свету, таму што я валадару з Езусам дзеля справядлівасці, любові і міру!”, - заклікаў маладых людзей Папа.

Рашэннем Францішка дыяцэзіяльнае святкаванне Сусветных дзён моладзі з гэтага года перанесена з Вербнай нядзелі на ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету.
 

21 лістапада 2021, 12:04