Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (©Pixel-Shot - stock.adobe.com)

Пантыфік моліцца за псіхічна хворых людзей і ахвяр самагубстваў

Пасля малітвы Анёл Панскі, якая 10 кастрычніка 2021 г. прайшла ў Ватыкане, Францішак скіраваў заклік у сувязі з Сусветным днём псіхічнага здароўя і распавёў пра новых благаслаўлёных.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Сёння, з нагоды Сусветнага дня псіхічнага здароўя, я хацеў бы ўзгадаць пра братоў і сясцёр, якія пакутуюць ад псіхічных разладаў, а таксама пра ахвяр самагубства, часта маладых. Памолімся за іх і за іх сем’і, каб не былі пакінуты ў адзіноце і не падвяргаліся дыскрымінацыі, але былі прыняты і падтрыманы”, - сказаў Францішак.

Францішак таксама распавёў пра дзве беатыфікацыі, якія прайшлі ў Італіі. У Неапалі была абвешчана благаслаўлёнай Марыя Ларэнца Лонга, жонка і маці, якая жыла ў XVI ст., а калі засталася ўдавой заснавала Шпіталь для невылечных і супольнасць кларыс-капуцынак. “Жанчына вялікай веры і моцнага малітоўнага жыцця, яна рабіла ўсё магчымае для патрэб бедных і пакутуючых”, - сказаў Папа.

Другая беатыфікацыя прайшла ў горадзе Трапэа, у італьянскім рэгіёне Калабрыя. Тут благаслаўлёным быў абвешчаны кс. Франчэска Мотола, заснавальнік Аблатаў і Аблатак Найсвяцейшага Сэрца, памерлы ў 1969 г. “Руплівы пастыр і нястомны прапаведнік Евангелля, ён быў узорным сведкам святарства, якое перажываецца ў міласэрнай любові і сузіранні”, - падкрэсліў Пантыфік.
 

10 кастрычніка 2021, 13:12