Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У Асізі Францішак сустрэнецца з беднымі з усёй Еўропы

Папа сустрэнецца 12 лістапада 2021 г. у Асізі з сотнямі бедных з усёй Еўропы. Пра гэта паведаміла Папская рада па новай евангелізацыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прыватны візіт Пантыфіка ў горад св. Францішак пройдзе за два дні да 5-га Сусветнага дня бедных. У рамках падрыхтоўкі да Дня, заснаванага Францішкам з мэтай звярнуць увагу на людзей, якія змагаюцца з беднасцю і пакутамі, у базыліцы Маці Божай Анёльскай збяруцца 500 беднякоў з многіх краін Еўропы. Сустрэча, якая ўключыць дыялог і малітву, будзе насіць непублічны характар, як і ўсё папскае падарожжа ў Асізі.

Тэма 5-га Сусветнага дня бедных, які будзе адзначацца сёлета 14 лістапада, узята з Евангелля св. Марка: "Убогіх заўсёды маеце пры сабе" (14, 7).

У адмысловым пасланні, прымеркаваным да яго, Папа заклікаў хрысціян і палітыкаў тэрмінова змяніць стыль жыцця, бо менавіта эгаізм, які пануе сёння, правакуе галечу. Францішак папярэдзіў: “Індывідуалістычны лад жыцця з'яўляецца саўдзельнікам існавання беднасці, і часта ўскладае на бедных усю адказнасць за іх стан. Але беднасць – гэта не наканаванне лёсу, гэта следства эгаізму”.

Пантыфік прапанаваў з вялікай пакорай прызнаць, “што перад беднымі мы часта недзеяздольныя”. “Мы гаворым пра іх абстрактна, спыняемся на статыстыцы і можам расчуліцца нейкім дакументальным фільмам”, але тут патрэбныя па-сапраўднаму творчыя праекты, - заўважыў ён.

Для хрысціян, - настойвае Папа, - існуе "непарыўная сувязь" паміж "Езусам, беднымі і абвяшчэннем Евангелля”. Уся дзейнасць Збаўцы пацвярджае тое, што беднасць – гэта не наканаванне лёсу, а канкрэтны знак Яго прысутнасці пасярод людзей.
 

16 кастрычніка 2021, 11:04