Пошук

Аўдыецыя для фонда Centesimus Annus Pro Pontifice Аўдыецыя для фонда Centesimus Annus Pro Pontifice 

Святы Айцец: сацыяльнае вучэнне – скарб касцёльнай традыцыі

Мара пра паўсюднае братэрства можа здавацца недасяжнай утопіяй, але яе спаўненне магчыма ў свеце, бо яна з’яўляецца таксама марай Бога, - нагадаў Папа экспертам у сацыяльным вучэнні Касцёла.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

23 кастрычніка 2021 г. Святы Айцец сустрэўся з удзельнікамі міжнароднага кангрэса, арганізаванага фондам Centesimus Annus Pro Pontifice на тэму салідарнасці, супрацоўніцтва і адказнасці, як сродкаў ад несправядлівасці, няроўнасці і адчужэння. Францішак адзначыў яе асаблівую важнасць у кантэксце “эканамічнай сістэмы, якая, у імя ідала грошай, працягвае спісваць ва ўтыль жыцці людзей, прывіваючы драпежніцкае стаўленне да рэсурсаў Зямлі і ўмацоўваючы розныя формы забруджвання”.

На думку Папы, перад абліччам такой сітуацыі нельга заставацца абыякавымі і абмяжоўвацца асуджэннем несправядлівасці і эксплуатацыі, але трэба акрыўна прасоўваць дабро. У гэтым кантэксце ён падзякаваў прадстаўнікам фонда за працу ў галіне адукацыі і выхавання, а таксама за фінансаванне даследаванняў маладых спецыялістаў у галіне новых мадэляў эканоміка-сацыяльнага развіцця, натхнёных сацыяльным вучэннем Касцёла.

“Гэта важна, мы маем патрэбу ў гэтым: на тэрыторыі, забруджанай панаваннем фінансаваў, нам патрэбны шматлікія маленькія зерні, з якіх зможа прарасці справядлівая і добрая эканоміка, адпаведная чалавеку і яго годнасці”, - сказаў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што салідарнасць, супрацоўніцтва і адказнасць з’яўляюцца стаўпамі каталіцкага сацыяльнага вучэння, якое бачыць у чалавеку вянец стварэння і цэнтр грамадскага, эканамічнага і палітычнага парадку. Яно супрацьлеглае індывідуалістычнаму бачанню света, бо грунтуецца на ўзаемасувязі паміж людзьмі і мае на мэце агульнае дабро, а таксама калектыўнаму бачанню, “якое сёння паўстае ў новай версіі, схаванай у праектах тэхналагічнай уніфікацыі”. Сацыяльнае вучэнне, будучы ўкаранёным на Божым слове, скіроўвае працэсы чалавечага развіцця, адштурхоўваючыся ад веры ў Бога, які стаў чалавекам.

“Менавіта па гэтай прычыне яго трэба наследаваць, любіць і развіваць. Давайце зноў запалімся цікавасцю да сацыяльнага вучэння і дапаможам яго пазнаваць, бо яно – скарб касцёльнай традыцыі!”, - сказаў ён.

Пантыфік заўважыў, што словы “салідарнасць”, “супрацоўніцтва” і “адказнасць” нагадваюць пра таямніцу Святой Тройцы. Бог з’яўляецца адзінствам Асобаў і скіроўвае чалавека да самарэалізацыі праз шчодрую адкрытасць на іншых (салідарнасць), праз супрацоўніцтва з іншымі (супрацоўніцтва), праз высілкі высілкі для іншых (адказнасць), якія павінны мець месца ў розных сферах сацыяльнага жыцця, развіваць больш справядлівае і раўнапраўнае грамадства, паважаць свабоду і недатыкальную годнасць чалавека. “Вось у чым заключаецца місія рэалізацыі сацыяльнага вучэння Касцёла”, - дадаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што прасоўванне такіх каштоўнасцей і ладу жыцця часта прадугледжвае рух супраць плыні, таму на гэтым шляху важна памятаць пра пастаянную прысутнасць Бога побач і быць адкрытымі на супрацоўніцтва з іншымі людзьмі.

Хрысціяне пакліканы да любові без межаў, да выйсця за муры эгаізму, прыватных і нацыянальных інтарэсаў, ідэалогій, гістарычных і культурных бар'ераў, а ў першую чаргу за межы "культуры будзённага раўнадушша", - сцвердзіў Пантыфік.

“Мы ўсе можам быць братамі і таму можам і павінны успрымаць і адносіцца да ўсіх як да братоў. Гэта можа здавацца недасяжнай утопіяй, але трэба верыць, што гэта мара магчымая, бо яна з’яўляецца таксама і марай адзінага і трыадзінага Бога”, - нагадаў Святы Айцец, заўважаючы, што “з Яго дапамогай гэта мара можа пачаць спаўняцца таксама ў гэтым свеце”.
 

23 кастрычніка 2021, 12:49