Пошук

Падчас сустрэчы з Італьянскім таварыствам бальнічных фармацэўтаў Падчас сустрэчы з Італьянскім таварыствам бальнічных фармацэўтаў 

Парады Святога Айца фармацэўтам

Браць прыклад з Добрага Самараніна, заклікаў Францішак прадстаўнікоў Італьянскага таварыства бальнічных фармацэўтаў, якіх прыняў 14 кастрычніка 2021 г. на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа лічыць галоўнымі аспектамі працы фармацэўта: штодзённую руціну і “схаванае” служэнне. Гэта важна ў многіх прафесіях, дзе неабходныя цярпенне, настойлівасць і дакладнасць. Калі гэтыя рысы суправаджаюцца малітвай і любоўю, нараджаецца “святасць паўсядзённага жыцця”.

Папа звярнуў увагу на важнасць прафесіяналізма бальнічнага фармацэўта, які разам з урачом “даследуе, эксперыментуе, прапануе новыя шляхі; заўсёды знаходзіцца ў непасрэдным кантакце з пацыентам”. Гэта здольнасць разумець хваробу і пацыента часам вырашае самыя складаныя клінічныя сітуацыі.

У гэтай прафесіі важна таксама этычнае вымярэнне, прычым, у асабістым і грамадскім аспектах. У першым гаворка ідзе пра пастаянную ўвагу да жыцця пацыента. “І гэта ў некаторых выпадках прадугледжвае супраціў сумлення, што з'яўляецца не здрадай, а наадварот вернасцю сваёй прафесіі, калі ён слушна матываваны. Гэта асуджэнне несправядлівасці, учыненай супраць нявіннага і безабароннага жыцця”, - адзначыў Францішак, маючы на ўвазе, між іншым, аборты.

Этычнае вымярэнне ў грамадскім аспекце прадугледжвае сітуацыю, калі “стратэгіі аховы здароўя, накіраваныя на дасягненне справядлівасці і агульнага дабра, застаюцца эканамічна і этычна ўстойлівымі". Пантыфік заклікаў сваіх гасцей у прафесіі не скарацца перад “культурай адчужэння”.

Кіраванне рэсурсамі і ўважлівасць да таго, што даверана фармацэўту, маюць, паводле Папы, не толькі эканамічнае, але і этычнае значэнне. Гаворка тут ідзе пра “ўвагу да дэталяў, набыццё і захоўванне прадукцыі, яе правільнае выкарыстанне і прызначэнне для тых, хто мае неадкладную патрэбу”. Таксама важнымі застаюцца ўзаемаадносіны з медыцынскім персаналам і адпаведнымі структурамі.

Завяршаючы сустрэчу, Францішак даў бальнічным фармацэўтам апошнюю, як прызнаўся ён сам, самую важную параду: браць з сабой на працу Евангелле, каб хаця б дзесяць хвілін у дзень прысвяціць яго чытанню. “Без жывой вады Евангелля мы не можам крочыць; кожны дзень становіцца сухім, і нават сэрца рызыкуе высахнуць. Евангелле наталяе смагу. Гэта пойдзе вам на карысць!”, - звярнуў увагу Святы Айцец.

14 кастрычніка 2021, 12:21