Пошук

Папа Францішак і кардынал Сільвана Тамазі Папа Францішак і кардынал Сільвана Тамазі 

Папа надаў асаблівыя паўнамоцтвы Дэлегату пры Мальтыйскім ордэне

Папа надаў дадатковыя паўнамоцтвы свайму Дэлегату пры Суверэнным рыцарскім Ордэне Гаспітальераў св. Яна Іерусалімскага, Родасу і Мальты і прадоўжыў мандат Месцаахоўніка Вялікага магістра.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

26 кастрычніка 2021 г. у Ватыкане быў абнародаваны ліст Святога Айца на імя кардынала Сільвана Тамазі, Папскага дэлегата пры Мальтыйскім Ордэне. У ім Францішак з удзячнасцю адзначыў станоўчыя крокі, здзейсненыя на шляху духоўнага і маральнага абнаўлення Ордэна, а таксама мадэрнізацыі Канстытуцыйнай хартыі і Мальтыйскага кодэксу.

Для таго, каб распачатая праца магла прынесці плёны, неабходна, каб “Надзвычайны Генеральны капітул быў праведзены ва ўмовах, якія паспрыяюць забеспячэнню неабходнага абнаўлення ў жыцці Ордэна”, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа паведаміў, што вырашыў прадоўжыць мандат фра Марка Луцагі на пасадзе Месцаахоўніка Вялікага магістра Ордэна да завяршэння капітула і абрання Вялікай дзяржаўнай радай новага Вялікага магістра. З мэтай спрыяння працэсу абнаўлення Францішак таксама надаў кардыналу Сільвана Тамазі ўсе неабходныя паўнамоцтвы для прыняцця рашэнняў адносна пытанняў, які могуць узнікнуць падчас выканання даручанай яму місіі. Гаворка ідзе, між іншым, пра паўнамоцтва браць на сябе кіраванне Ордэнам, калі гэта будзе неабходна, вызваляць ад прадпісанняў актуальнага заканадаўства і вырашаць усе ўнутраныя канфлікты “ex auctoritate Summi Pontificis” (аўтарытэтам Найвышэйшага Пантыфіка).

Святы Айцец таксама надаў свайму Дэлегату паўнамоцтвы, якія тычацца склікання і вызначэння даты Надзвычайнага капітула, магчымасці сустаршынства на ім, вызначэння спецыяльнага для гэтага выпадку рэгламенту адносна складу і парадку правядзення капітула, зацвярджэння Канстытуцыйнай хартыі і Мальтыйскага кодэксу, клопату пра абнаўленне Суверэннай рады згодна з новымі нарматыўнымі тэкстамі, склікання Вялікай дзяржаўнай рады для абрання Вялікага магістра.
 

27 кастрычніка 2021, 09:29