Пошук

Папа Францішак і Патрыярх Барталамей І. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак і Патрыярх Барталамей І. Ілюстрацыйнае фота 

Папа павіншаваў Барталамея І з 30-годдзем на пасадзе Патрыярха

22 кастрычніка 2021 г. Францішак скіраваў віншаванні Барталамею І з нагоды 30-годдзя яго абрання на пасаду Канстантынопальскага Экуменічнага Патрыярха.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец прызнаўся, што з удзячнасцю ўспамінае пра глыбокую асабістую сувязь, якая лучыць яго з Барталамеем І з моманту яго ўступлення на пасаду Біскупа Рыма. “З цягам часу гэта сувязь ператварылася ў братэрскае сяброўства, якое ўмацоўвалася падчас шматлікіх сустрэч не толькі ў Рыме, але таксама ў Фанары, Іерусаліме, Асізі, Каіры, на Лесбасе, у Бары і Будапешце”, - напісаў Папа, адзначаючы таксама каштоўнасць удзелу Патрыярха ў нядаўніх ватыканскіх мерапрыемствах.

“Я падзяляю разам з Вамі ўсведамленне нашай супольнай душпастырскай адказнасці перад неадкладнымі выклікамі, з якімі сёння сустракаецца ўся чалавечая сям’я”, - дадаў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што ўдзячны Барталамею І за прыхільнасць справе аховы стварэння і за рэфлексію над гэтай праблемай, з якой ён сам многаму навучыўся і працягвае вучыцца. “З успышкай пандэміі і яе цяжкімі медыцынскімі, сацыяльнымі і эканамічнымі наступствамі Ваша сведчанне і Ваша вучэнне аб неабходнасці духоўнага навяртання чалавецтва набылі нязменную актуальнасць”, - сцвердзіў Папа.

Святы Айцец падзякаваў Патрыярху Канстантынопальскаму за тое, што ён “нястомна ўказвае шлях да дыялогу, у любові і праўдзе, у якасці адзінага магчымага шляху да прымірэння паміж вызнаўцамі Хрыста і для аднаўлення поўнай еднасці”. “З Божай дапамогай, мы, безумоўна, працягнем ісці разам па гэтым шляху, таму што блізкасць і салідарнасць паміж нашымі Цэрквамі з’яўляюцца неад’емным укладам ва ўсеагульнае братэрства і сацыяльную справядлівасць, у якіх чалавецтва мае вялікую патрэбу”, - напісаў Папа да лідара сусветнага праваслаўя.
 

22 кастрычніка 2021, 10:15