Пошук

Падчас аўдыенцыі для праваслаўна-каталіцкай рабочай групы імя св. Ірынея Падчас аўдыенцыі для праваслаўна-каталіцкай рабочай групы імя св. Ірынея 

Папа: паміж першынствам і сінадальнасцю няма канкурэнцыі

7 кастрычніка 2021 г. Папа прыняў на аўдыенцыі членаў Сумеснай праваслаўна-каталіцкай рабочай групы імя св. Ірынея з нагоды першай штогадовай сесіі гэтага экуменічнага аб’яднання, якая прайшла ў Рыме.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак высока ацаніў імкненне сваіх гасцей “разам шукаць магчымасці для ўзаемнага ўзбагачэння розных традыцый без згубы іх тоеснасці”, а таксама жаданне зразумець, “як адрозныя аспекты, прысутныя ў нашых традыцыях, замест таго каб умацоўваць супрацьстаянне, могуць ператварацца ў магчымасці для выразу супольнай апостальскай веры”.

Папа заўважыў, што нябесны апякун Рабочай групы – св. Ірыней Ліёнскі – “прыйшоў з Усходу і выконваў сваё біскупскае служэнне на Захадзе”, стаўшы “духоўным і тэалагічным мастом паміж усходнімі і заходнімі хрысціянамі”.

Францішак прызнаўся, што ў хуткім часе з радасцю абвесціць гэтага святога Доктарам Касцёла з тытулам Doctor unitatis.

Спасылаючыся на імя св. Ірынея, якое ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае “мірны”, Папа заклікаў праваслаўных і каталіцкіх тэолагаў “працаваць на карысць разбурэння муроў падзелаў і будавання мастоў адзінства”.

Святы Айцец падзякаваў членам экуменічнага аб’яднання за даследаванне пад загалоўкам Служыць адзінству. Пераасэнсаваць адносіны паміж першынствам і сінадальнасцю, дзякуючы якому можна зразумець, што “першынства і сінадальнасць у Касцёле не два канкуруючыя прынцыпы, якія трэба трымаць у раўнавазе, але дзве рэчаіснасці, якія складаюць і падтрымліваць адна адну ў служэнні адзінству”. “Як першынства прадугледжвае ажыццяўленне сінадальнасці, так і сінадальнасць уключае ў сябе ажыццяўленне першынства”, - дадаў Папа.

Францішак нагадаў пра сваё перакананне адносна таго, што “ў сінадальным Касцёле таксама і пытанне аб ажыццяўленні пятровага першынства можа праясніцца яшчэ больш”, у сувязі з чым пажадаў, каб “гэты важны аспект” быў прааналізаваны разам з іншымі хрысціянамі ў ходзе Сінода Біскупаў, які распачнецца праз некалькі дзён.

 

07 кастрычніка 2021, 13:03