Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа ўдзячны місіянерам, якія сведчаць аб Евангеллі жыццём

З нагоды Сусветнага дня місій, які адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле ў ХХХ Звычайную нядзелю, Францішак прывітаў місіянераў і паставіў у прыклад сведкаў веры двух новых благаслаўлёных.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“З удзячнасцю скіроўваю маё прывітанне шматлікім місіянерам і місіянеркам – святарам, законнікам, законніцам і свецкім вернікам – якія на перадавой аддаюць свае сілы служэнню Касцёлу, і якія плацяць асабіста – часам вельмі высокі кошт – за сваё сведчанне. Яны робяць гэта не дзеля празелітызма, але, каб сваім жыццём даваць сведчанне Евангелля ў краінах, дзе не ведаюць Езуса. Шчыра дзякую місіянерам!”, - сказаў Папа пасля малітвы Анёл Панскі, якая 24 кастрычніка 2021 г. прайшла ў Ватыкане.

У якасці прыкладу сведкаў веры, якія абвяшчалі Евангелле ўласным жыццём, Францішак назваў двух італьянак, беатыфікацыі якіх прайшлі ў Брэшыі і Рыміні. Першая з іх – с. Лючыя ад Беззаганнай (1909-1954), законніца з Кангрэгацыі Служак Любові. Гэта “сціплая і адкрытая жанчына” памерла ў 1954 г. у 45-гадовым узросце, “пражыўшы жыццё, якое прысвячала служэнню бліжнім, нават калі хвароба аслабіла яе цела, але не дух”, - падкрэсліў Францішак.

Яшчэ адна новая благаслаўлёная – Сандра Сабаціні (1961-1984), студэнтка медыцынскага факультэта, якая загінула ў аўтамабільным здарэнні ў 22-гадовым узросце. “Гэта радасная дзяўчына, натхнёная вялікай любоўю і штодзённай малітвай, з запалам прысвячала сябе служэнню найбяднейшым, наследуючы харызмат Слугі Божага кс. Арэста Бэндзі”, - сказаў Папа, заклікаючы вернікаў прывітаць новых благаслаўлёных апладысментамі.
 

24 кастрычніка 2021, 13:59