Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа да вязняў: памыляюцца ўсе – важна не трываць у памылках

23 кастрычніка 2021 г. Папа сустрэўся з групай цяперашніх і былых вязняў. Ён выказаў надзею на тое, што прыклад іх “перараджэння” стане “заразным” і дапаможа іншым ісці тым жа шляхам.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Госці Святога Айца адбывалі або адбываюць пакаранне ў выпраўленчых структурах у італьянскіх рэгіёнах Абруца і Малізэ. Папа заклікаў іх верыць у Божую міласэрнасць, дапамагаць іншым і не караць сябе за грахі. Пантыфік уважліва выслухаў сведчанні некаторых мужчын, якія часам былі вельмі цяжкімі.

Для тых зняволеных, якія не змаглі наведаць Ватыкан, ён запісаў відэазварот, заклікаючы іх быць людзьмі, якія заўсёды знаходзяцца на шляху. Не быць асобамі з “прыпаркаванымі сэрцамі”, якіх не дасягае неспакой, што становіцца стымулам для таго, каб выйсці ў дарогу.

“Усе мы ў жыцці памыляемся, але галоўнае не трываць у памылках”, - сказаў Пантыфік сваім гасцям. Цытуючы словы са спеву альпійскіх стралкоў, ён нагадаў, што нельга заставацца на зямлі пасля падзення, трэба заўсёды падымацца, у тым ліку дзякуючы людзям, якія працягваюць нам руку.

“У нашым жыцці часта здараецца так, што нехта працягвае нам руку і дапамагае падняцца: мы таксама павінны працягваць яе іншым”, - дадаў Святы Айцец, заклікаючы дзяліцца досведам рэабілітацыі і вяртання да нармальнага жыцця з тымі, хто мае ў гэтым патрэбу.

“Я жадаю вам, каб ваш досвед прыносіў плёны, каб быў падобным да зерня, што падае ў зямлю, а потым прарастае... Няхай ён будзе “заразным”, як добрая хвароба. І няхай нясе вызваленне, няхай расчыняе дзверы для многіх людзей, якія маюць патрэбу ў тым, каб перажыць такі досвед, які перажылі вы”, - сказаў Пантыфік.
 

25 кастрычніка 2021, 08:53