Пошук

Vatican News
Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Фонду біямедыцынскага ўніверсітэта ў Рыме Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Фонду біямедыцынскага ўніверсітэта ў Рыме  (Vatican Media)

Папа: чалавек, а не прыбытак – мэта медыцынскіх даследаванняў

Медыцына павінна ставіць на першае месца не ідэі, метады і праекты, а канкрэтнага чалавека, пацыента, з яго гісторыяй і досведам – і гэта дапаможа лячыць не толькі цела, але і душу, - звярнуў увагу Францішак.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

18 кастрычніка 2021 г. Папа сустрэўся з прадстаўнікамі Фонду біямедыцынскага ўніверсітэта ў Рыме. На думку Святога Айца, кожная ўстанова аховы здароўя, натхнёная хрысціянскім падыходам, павінна быць месцам, аб якім кажуць: "Тут мы бачым не толькі ўрачоў і хворых, але людзей, якія вітаюць і дапамагаюць адно аднаму: тут практыкуецца тэрапія чалавечай годнасці".

Лячэнне без навукі марнае, як і навука без лячэння бясплодная, - адзначыў Пантыфік. Але часта медустановы ставяць атрыманне прыбытку вышэй за патрэбы хворых. Гаворка ідзе ў тым ліку пра пажылых і тых, хто мае рэдкія хваробы.

Францішак звярнуўся і да пытання доступу да вакцын і іх размеркавання. Трэба тэрмінова дапамагаць краінам, якія маюць меншыя магчымасці, лічыць ён, але гэта трэба рабіць з дальнабачнымі планамі, а не толькі з матывацыяй гарантаваць сабе бяспеку. “Сродкі абароны трэба распаўсюджваць годна, а не як міласціну”, - дадаў Папа.

На яго думку, “каб сапраўды рабіць дабро, трэба садзейнічаць навуцы і яе інтэгральнаму прымяненню: разуменню кантэксту, абгрунтаванаму лячэнню, росту культуры аховы здароўя”. І гэта – сапраўдная місія даследчай медыцыны.
 

18 кастрычніка 2021, 14:11