Пошук

Францішак падчас візіту ў Папскі латэранскі ўніверсітэт Францішак падчас візіту ў Папскі латэранскі ўніверсітэт 

Пантыфік абвясціў аб заснаванні навучальнага экалагічнага курса

Святы Айцец абвясціў аб заснаванні пры Папскім латэранскім універсітэце навучальнага курса “Экалогія і навакольнае асяроддзе. Клопат пра наш супольны дом і ахова стварэння”.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Вернікі і няверуючыя, мы абавязаны гарантаваць не толькі абстрактную ўстойлівасць або прапаведваць дабро будучых пакаленняў, але таксама падрыхтаваць інструменты для абароны разнастайных экасістэм і іх кампанентаў, ведаючы, што нам не дадзена распараджацца імі бязмерна”, - падкрэсліў Францішак у адмысловым лісце, які 7 кастрычніка 2021 г. скіраваў на імя Вялікага канцлера Папскага латэранскага ўніверсітэта, кардынала Анджэла Дэ Данаціса, Папскага вікарыя для Рымскай дыяцэзіі.

Пантыфік нагадаў, што клопат пра стварэнне звязаны з дасягненнямі ў навуковай сферы, узаемаадносінамі паміж рознымі культурамі, працэсамі будавання міру і супрацоўніцтва, а таксама з “пераасэнсаваннем фундаментальных прынцыпаў грамадскага жыцця”.

“Вось чаму выхаванне і фармацыя з’яўляюцца шляхамі, якімі трэба крочыць, каб перайсці ад намаганняў на карысць навакольнага асяроддзя да карэктнай экалагічнай адказнасці”, - напісаў ён.

Францішак нагадаў, што клопат пра стварэнне адпавядае сацыяльнаму вучэнню Касцёла, а таксама адзначыў уклад Канстантынопальскага Патрыярхату ва ўмацаванне ўвагі хрысціян да экалагічных пытанняў, што стала, між іншым, важным элементам экуменічнага дыялогу. У сувязі з гэтым Папа звярнуў увагу на тое, што новая навучальная праграма будзе рэалізоўвацца ў супрацоўніцтве з Канстантынопальскім Патрыярхатам. “Сядзібы святых Пятра і Андрэя змогуць дзейнічаць у гармоніі, каб таксама і ў гэтай сферы ажыццяўлялася іх місія абвяшчэння Добрай весткі ўсім народам”, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак заўважыў таксама, што дзеля захавання “адкрытай сістэмы” даследаванняў і фармацыі ў рамках навучальнага цыкла будзе дзейнічаць Кафедра ЮНЕСКА па пытаннях будучыні навучання ў сферы ўстойлівага развіцця, што дапаможа ўмацаванню адчувальнасці на глабальным узроўні да неабходнасці навучання моладзі экалагічнай адказнасці і ўстойлівым адносінам да прыроды.
 

07 кастрычніка 2021, 11:18