Пошук

Vatican News
Падчас інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву Télam Падчас інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву Télam 

Францішак пра будучыя падарожжы і павагу да Ангелы Меркель

Францішак даў інтэрв’ю аргентынскаму інфармацыйнаму агенцтву Télam, у якім падзяліўся сваімі думкамі пра актуальную сітуацыю ў свеце і распавёў пра будучыя Апостальскія падарожжы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік падзяліўся, што на пачатку снежня 2021 г. плануе наведаць Грэцыю і Кіпр, аднак, праграма гэтага падарожжа яшчэ знаходзіцца на стадыі падрыхтоўкі. Пілігрымка можа ўключаць у сабе таксама візіт на востраў Лесбас, дзе Францішак ужо быў у 2016 г., наведваючы лагер бежанцаў.

У 2022 г. Святы Айцец мае намер наведаць Папуа – Новую Гвінею і Усходні Тымор. Падарожжа ў гэтыя краіны Акіяніі планавалася на 2020 г., але было адкладзена па прычыне пандэміі. Папа не выключыў таксама магчымасць візітаў у некаторыя краіны Еўропы і Афрыкі. “Мне прыходзяць на думку Конга і Венгрыя”, - сказаў ён, дадаючы, што падрыхтоўка гэтых падарожжаў яшчэ не пачалася.

Гаворачы пра міжнародную сітуацыю Пантыфік прызнаўся, што лічыць адным з самых вялікіх палітычных лідараў у гісторыі Ангелу Меркель. Урады пад яе кіраўніцтвам, на думку Святога Айца, “сталі вяхой у сусветнай палітыцы і выклікам для жанчын, якія адчуваць палітычнае пакліканне”.

Папа падкрэсліў, што на працягу апошніх шаснаццаці гадоў Меркель “давала добры прыклад здаровага розуму, здольнасці дасягнення таго, што магчыма”. Канцлер Германіі не адносіцца да “летуценнікаў”, але да людзей, якія канкрэтным чынам рэалізоўваюць свае ідэі, - дадаў ён, заўважаючы, што Германія мела і іншых вялікіх лідараў: Конрада Адэнаўэра і Гельмута Коля.

На думку Францішка, спадчына Меркель мае вялікае значэнне таксама як прыклад жаночага лідарства. Ён нагадаў, што жанчыны маюць асаблівую здольнасць да вырашэння канфліктных сітуацый, таму што з’яўляюцца рэалісткамі. Папа перакананы, што “жанчыны заўсёды робяць добры ўклад у палітыку”.

Святы Айцец лічыць, што на пасяджэнні краін Вялікай дваццаткі, якое хутка адбудзецца ў Рыме, павінны быць сур’ёзна разгледжаны адносіны паміж багатымі і беднымі краінамі свету і прызнана існаванне “асіметрыі”, напрыклад у доступе да медыцынскіх паслуг, што ўплывае на барацьбу з пандэміяй. Францішак пажадаў, каб форум паслужыў “паслабленню напружанасці на глабальным узроўні” перад абліччам “эскалацыі насілля, якая правакуе яшчэ большае насілле”.
 

23 кастрычніка 2021, 10:36