Пошук

Падчас аўдыенцыі для нямецкіх пілігрымаў Падчас аўдыенцыі для нямецкіх пілігрымаў 

Пантыфік: экуменізм – стварэнне спеву з мноства галасоў

25 кастрычніка 2021 г. Пантыфік сустрэўся з нямецкімі хрысціянамі розных канфесій, якія бралі ўдзел ў экуменічнай пілігрымцы “З Лютарам да Папы”, што прайшла пад дэвізам “Лепш усе разам”.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Госці з Германіі прывіталі Святога Айца супольным спевам. У сувязі з гэтым ён нагадаў, што “спеў яднае”, а ў хоры “важна слухаць іншых”. “Я жадаю, каб гэта гатоўнасць слухаць была ў Касцёле. Мы нанава вучымся ёй падчас сінадальнага працэса”, - дадаў Францішак.

“Дарагія сябры, слухайце таксама Божую мелодыю ў вашым жыцці; мелодыю, якую Пан напісаў для вашага жыцця. Адкрыйце на яе не толькі вушы, але таксама і вашыя сэрцы. Хто спявае з адкрытым сэрцам, той ужо дакранаецца да таямніцы Бога, магчыма, нават не ўсведамляючы гэтага. Гэтай таямніцай з’яўляецца любоў, любоў, якая ў Езусе Хрысце знаходзіць сваё цудоўнае гучанне, поўнае і непаўторнае”, - сказаў Папа.

“Заўсёды слухайце Божую мелодыю ў вашым жыцці. Так з мноства галасоў утвараецца адзін спеў. Менавіта такім чынам ажыццяўляецца экуменізм як у Германіі, так і ў многіх іншых частках свету”, - падкрэсліў Пантыфік перад тым як удзяліць сваім гасцям благаслаўленне.

 

25 кастрычніка 2021, 12:30