Пошук

Падчас падчас візіту Францішка ў Папскі латэранскі ўніверсітэт Падчас падчас візіту Францішка ў Папскі латэранскі ўніверсітэт 

Францішак: універсітэты павінны фармаваць экалагічную свядомасць

Акадэмічная дзейнасць паклікана спрыяць інтэгральнаму экалагічнаму навяртанню і даследаванням, якія дапамогуць захаваць супольны дом і хараство прыроды, - перакананы Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

7 кастрычніка 2021 г. Францішак наведаў Папскі латэранскі ўніверсітэт, дзе прыняў удзел у пасяджэнні на тэму “Экалогія і навакольнае асяроддзе. Клопат пра наш супольны дом і ахова стварэння”, якое прайшло з нагоды адкрыцця экуменічнага навучальнага курса, прысвечанага экалогіі. У сустрэчы бралі ўдзел Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І і Генеральны дырэктар ЮНЕСКА Одры Азулай.

На думку Папы, “зло, якое робім планеце, ужо не абмяжоўваецца толькі шкодай клімату, вадзе і глебе, але пагражае самаму жыццю на зямлі”, а “складанасць экалагічнага крызісу” патрабуе “адказнасці, канкрэтнасці і кампетэнтасці”.

У гэтым кантэксце Францішак адзначыў важную ролю ўніверсітэтаў, як “прывілеяваных месцаў фармацыі і падрыхтоўкі, дзе адбываецца сустрэча паміж рознымі відамі ведаў, дзе студэнты і выкладчыкі аб’ядноўваюцца дзеля рэфлексіі і крэатыўнай распрацоўкі новых шляхоў, якімі трэба ісці”. Пантыфік падкрэсліў, што ўніверсітэты пакліканы “фармаваць экалагічную свядомасць” і праводзіць даследаванні, што дапамогуць клапаціцца пра супольны дом і абараніць навакольнае асяроддзе ад злачынных дзеянняў, натхнёных палітычнымі ці эканамічнымі інтарэсамі або жаданнем атрымання хуткага прыбытку.

“Акадэмічная дзейнасць паклікана спрыяць цэласнаму экалагічнаму навяртанню, каб захаваць хараство прыроды, перш за ўсё шляхам аднаўлення неабходнага адзінства паміж прыродазнаўчымі і сацыяльнымі навукамі і тым, што прапануе тэалогія, філасофія і этыка, каб натхняць прававыя нормы і здаровую эканамічную візію”, - сказаў Папа.

Святы Айцец пажадаў, каб новы навучальны курс пры Папскім латэранскім універсітэце стаў прасторай навуковага ўзаемадзеяння дзеля прасоўвання інтэгральнай экалогіі.

Без сапраўднай інтэгральнай экалогіі мы атрымаем “новае бязладдзе, якое не толькі не вырашыць праблемаў, але створыць новыя”. Ідэя асаблівага навучальнага курса, такім чынам, служыць таму, каб нават сярод вернікаў ператвараць натуральную цікавасць да навакольнага асяроддзя ў місію, якую будуць выконваць асобы, падрыхтаваныя праз адпаведны адукацыйны досвед. Гэта выраз самай высокай адказнасці за тых, хто аказаўся выключаным, пакінутым і забытым па прычыне пагаршэння навакольнага асяроддзя”, - сказаў Папа.

Францішак адзначыў, што Касцёл і ўсе людзі добрай волі пакліканы станавіцца “голасам тых, хто не мае голасу”, а таксама заклікаў шукаць новыя шляхі пераадолення экалагічнага крызісу і сеяць прыгажосць, а не забруджванне і разбурэнне.
 

07 кастрычніка 2021, 10:13