Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: адказаць на няроўнасць глабалізацыяй салідарнасці

3 кастрычніка 2021 г. Папа скіраваў пасланне да ўдзельнікаў сустрэчы, арганізаванай Папскай акадэміяй сацыяльных навук на тэму: “Любоў, грамадскае сяброўства і канец беднасці. Навука і этыка шчасця”.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак заўважыў, што шчасце – гэта глыбокае прагненне кожнага чалавека, а Пан звязвае яго з жыццём у духу евангельскіх благаслаўленняў. У наш час, аднак, шчасце часта блытаецца з карыснасцю, забавамі, багаццем, славай і грошамі, што вядзе да росту прагнасці, сквапнасці і канфліктаў.

Папа нагадаў пра паўсюднае ігнараванне бедных, пажылых людзей, мігрантаў, ненароджаных, цяжка хворых. “Да іх, незаўважных для большасці, адносяцца згодна з прынцыпам “выкарыстай і выкінь”. А калі яны становяцца бачнымі, іх часта прадстаўляюць як нягодны цяжар для бюджету”, - зазначыў Святы Айцец. Ён назваў “злачынствам супраць чалавечнасці” тое, што ў выніку “пануючай сквапнай і эгаістычнай парадыгмы” адбываецца выкарыстанне моладзі ў сферы прымусовай працы, прастытуцыі і гандлю органамі.

Пантыфік заўважыў, што матэрыяльная беднасць з’яўляецца “пэўнага роду пеклам, бо яна аслабляе чалавечую свабоду і ператварае тых, хто ад яе пакутуе, у ахвяр новых форм рабства”, з якімі павінны змагацца ўсе, і якія для хрысціян з’яўляюцца “адкрытымі ранамі на целе Хрыста”.

Святы Айцец звярнуў увагу на рост няроўнасці паміж багатымі і беднымі, які прыводзіць да грамадскіх беспарадкаў, канфліктаў і стварае пагрозу для дэмакратыі. На яго думку, гэта выклікана “эрозіяй братэрскіх адносін, грамадскага сяброўства, гармоніі, даверу, надзейнасці і павагі, якія знаходзяцца ў аснове кожнага грамадства”. Адказам, паводле Папы, павінна стаць жыццё ў духу евангельскай беднасці, навучанне моладзі “глабалізацыі салідарнасці”, імкненне разам ісці ў кірунку “цывілізацыі любові”.
 

03 кастрычніка 2021, 12:42