Пошук

Папа Францішак у аэрапорце Будапешта Папа Францішак у аэрапорце Будапешта 

Святы Айцец прыбыў у Будапешт

Францішак распачаў сваё 34-е Апостальскае падарожжа, у рамках якога наведае сталіцу Венгрыі – Будапешт – і Славакію, дзе пабывае ў некалькіх гарадах.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

12 верасня 2021 г. у 6.00 па сярэднееўрапейскім часе самалёт Airbus A320 італьянскай авіякампаніі Alitalia з Пантыфікам на борце вылецеў з рымскага аэрапорта Fiumicina у кірунку венгерскай сталіцы. Палёт працягваўся менш за дзве гадзіны. Папа скіраваў прывітальныя тэлеграмы прэзідэнтам Італіі і Харватыі ў сувязі з тым, што знаходзіўся ў паветранай прасторы гэтых краін.

Святога Айца суправаджалі 78 журналістаў з розных краін свету. Пантыфік звярнуўся да іх з кароткім прывітаннем, выказваючы радасць з прычыны аднаўлення магчымасці падарожнічаць. “Гэта вельмі важна, бо мы ідзём несці слова, несці збаўленне многім людзям”, - падкрэсліў ён. Францішак таксама выказаў падзяку сваім супрацоўнікам, для якіх гэта падарожжа стане апошнім у іх актуальным статусе. Гаворка ідзе пра мансеньёра Гвіда Марыні, кіраўніка Службы папскіх літургічных цэлебрацый, і мансеньёра Дэданэ Дэтану, арганізатара папскіх падарожжаў, якія былі прызначаны біскупамі.

У аэрапорце Будапешта Пантыфіка сустракалі прадстаўнікі дзяржаўных і касцёльных уладаў. Двое дзяцей у традыцыйных народных строях уручылі яму кветкі.

Пасля кароткай цырымоніі прывітання Папа накіраваўся ў Музей выяўленчых мастацтваў, дзе адбудзецца яго сустрэча з Прэзідэнтам Венгрыі Янашам Адарам і Прэм’ер-міністрам Віктарам Орбанам. Затым, у гэтым жа месцы, Францішак сустрэнецца з венгерскімі біскупамі і, асобна, з прадстаўнікамі мясцовай Экуменічнай рады і яўрэйскіх суполак. Кульмінацыяй візіту стане св. Імша на заканчэнне 52-га Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэсу, якую Папа ўзначаліць на сталічнай Плошчы герояў. Каля 15.00 ён вылеціць у Браціславу.
 

12 верасня 2021, 09:03