Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Францішак: стыль Бога – блізкасць, ласкавасць і спагада

2 верасня 2021 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю італьянскай дабрачыннай арганізацыі Arché, якая ўжо на працягу 30 гадоў аказвае дапамогу сем’ям, што апынуліся ў нястачы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік спаслаўся на назву арганізацыі, падкрэсліўшы, што ў перакладзе з грэчаскай мовы слова “arché” азначае “пачатак”, “першапрычыну”. Ён заўважыў, што для хрысціян пачаткам усяго з’яўляецца любоў Бога.

“Усё, чым з’яўляецца жыццё, усё прыгожае, добрае і праўдзівае паходзіць ад Яго, ад Бога, які ёсць любоў, як з сэрца і ўлоння маці паходзіць чалавечае жыццё і як з сэрца і ўлоння Маці прыйшоў Езус – Любоў, якая ўцелавілася, стаўшы чалавекам”, - сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што згодна з такой логікай каштоўным з’яўляецца кожнае чалавечае жыццё, асабліва жыццё маці і дзяцей, якія сутыкнуліся з насіллем ці драматычным досведам, звязаным з міграцыяй.

“Вашы гасцінныя супольнасці – гэта ў першую чаргу знак надзеі для гэтых жанчын і дзяцей. Але яны з’яўляюцца знакам надзеі і для вас саміх, бо вы дзеліце дах над галавой разам з людзьмі ў патрэбе; гэта знак надзеі для валанцёраў, моладзі, маладых пар, якія ў гэтых супольнасцях служаць не толькі бедным, але і разам з імі”, - сказаў Францішак.

Папа заўважыў, што служэнне самым адрынутым безумоўна звязана з праблемамі, але ў той жа час яно азначае “радасць адкрыцця шляхоў да свабоды, адраджэння і годнасці”.

Францішак падзякаваў членам арганізацыі за шматгадовую працу і адкрыццё дабрачыннага цэнтра ў Рыме. “Няхай гэта будзе месца, пазначанае стылем Бога, гэта значыць блізкасцю, ласкавасцю і спагадай. Няхай гэта структура заўсёды будзе знаходзіцца на службе людзям, а не наадварот”, - дадаў Папа.
 

02 верасня 2021, 13:11