Пошук

Папа перад абразом Маці Божай Гвадэлупскай Папа перад абразом Маці Божай Гвадэлупскай 

Святы Айцец скіраваў пасланне на 200-годдзе незалежнасці Мексікі

Пераасэнсаваць мінулае, ачышчаючы памяць і ўмацоўваючы карані, а таксама жыць сучаснасцю, ствараючы будучыню з радасцю і надзеяй, - заклікаў Папа ў пасланні з нагоды 200-годдзя незалежнасці Мексікі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У звароце, скіраваным на імя арцыбіскупа Рахеліа Кабрэра Лопэса, старшыні Канферэнцыі Біскупаў Мексікі, Францішак заўважыў, што святкаванне юбілею незалежнасці краіны з’яўляецца “спрыяльнай нагодай для ўмацавання каранёў і пацвярджэння каштоўнасцяў”, якія аб’ядноўваюць народ.

Святы Айцец заклікаў “пераглядзець мінуўшчыну”, звяртаючы ўвагу “на светлыя і цёмныя моманты, якія сфармавалі гісторыю краіны”. Такі рэтраспектыўны погляд абавязкова прадугледжвае працэс ачышчэння памяці, што значыць прызнанне памылак, зробленых у мінулым.

“Па гэтай прычыне я і мае папярэднікі, неаднаразова прасілі прабачэння за асабістыя і супольныя грахі, за ўсе дзеянні ці занядбанні, якія не садзейнічалі евангелізацыі”, - патлумачыў Пантыфік.

Францішак перакананы, што не павінны ігнаравацца таксама дзеянні, якія былі зроблены ў апошнія часы супраць хрысціянскіх рэлігійных пачуццяў значнай часткі мексіканскага народа і якія выклікалі глыбокія пакуты. Узгадаць пра цярпенні мінулага важна, каб “вучыцца на іх і працягваць рабіць крокі з мэтай загойвання ран, умацавання адкрытага і паважлівага дыялогу паміж адметнасцямі і дзеля будавання доўгачаканага братэрства, ставячы ў галаву вугла агульнае дабро, а не вузкія інтарэсы, супрацьстаянне і канфлікты”, - лічыць Папа.

Святы Айцец заклікаў будаваць будучыню Мексікі на каштоўнасцях незалежнасці, адзінства і веры. У сувязі з гэтым ён узгадаў пра хуткае святкаванне 500-годдзя аб’яўлення Маці Божай у Гвадэлупе. Звяртаючыся да самых малых і бедных Багародзіца выступала за братэрства і свабоду, прымірэнне і інкультурацыю хрысціянскага паслання не толькі ў Мексіцы, але і ва ўсіх амерыканскіх краінах, - перакананы Францішак. “Няхай Яна працягвае быць для ўсіх вас надзейным арыенцірам, які прывядзе да еднасці і паўнаты жыцця ў Яе Сыне Езусе Хрысце”, - завяршыў пасланне Пантыфік.
 

28 верасня 2021, 12:23