Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: хрысціянін заўсёды знаходзіцца ў працэсе навяртання

16 верасня 2021 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі мадэратараў асацыяцый свецкіх вернікаў, касцёльных рухаў і новых супольнасцей. Сустрэча была арганізавана Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Выказваючы падзяку сваім гасцям за сведчанне Евангелля ў штодзённасці Папа нагадаў, што пакліканне да евангелізацыі мае кожны хрысціянін у сілу свайго хросту, а касцёльныя асацыяцыі і рухі паспрыялі абуджэнню гэтай свядомасці.

Пантыфік падзякаваў ім таксама за салідарнасць, дапамогу і евангельскае сведчанне ў перыяд пандэміі, чым яны далі пацверджэнне ўсеагульнага братэрства паміж усімі людзьмі. Можна быць “або братамі, або ворагамі”, не бывае “чагосьці сярэдняга”, - дадаў Святы Айцец.

Францішак назваў каталіцкія асацыяцыі і рухі знакам жыццядайнасці Касцёла, скіраваным на будаванне будучыні, якую “трэба рыхтаваць тут і зараз”, будучы ўкаранёнымі ў рэчаіснасці. У адваротным выпадку ёсць рызыка жыцця ў “паралельным свеце”, “дыстыляваным, далёкім ад рэальных праблем грамадства, культуры і людзей, якія жывуць побач з вамі і чакаюць вашага хрысціянскага сведчання”.

Папа падкрэсліў, што хрысціяне з’яўляюцца людзьмі, што заўсёды знаходзяцца ў дарозе, заўсёды ў працэсе навяртання, заўсёды ў працэсе распазнання, таму трэба заўсёды глыбока разважаць над сваім харызматам, каб лепш уцелаўляць яго ў сітуацыях, у якіх жывём, што патрабуе паслухмянасці, пакоры і прызнання ўласных абмежаванняў.

Пантыфік заўважыў, што сустрэча мадэратараў асацыяцый свецкіх вернікаў, касцёльных рухаў і новых супольнасцей прысвечана кіраванню ў свецкіх аб’яднаннях, а гэта тэма закраналася таксама ў ватыканскім Дэкрэце аб міжнародных аб’яднаннях свецкіх вернікаў, што пабачыў свет 11 чэрвеня 2021 г.

Папа нагадаў, што “кіраванне – гэта служэнне”, у якім могуць узнікнуць дзве перашкоды: першая – “прага ўлады”, а другая – “нявернасць”, што можа выражацца ў жаданні служыць не толькі Пану, але таксама задавольваць уласнае эга, самасцвярджацца, атрымліваць прызнанне і хвалу. “Не будзем забываць, што сапраўднае служэнне – бескарыслівае і безумоўнае, не ведае ні разліку, ні прэтэнзій”, - дадаў Папа. На яго думку, у пастку “нявернасці” кіраўнік можа трапіць таксама, калі пачынае лічыць сябе адзіным тлучамальнікам харызмату. Францішак заклікаў сваіх гасцей быць сапраўднымі слугамі Пана і братоў у паслухмянасці Святому Духу і гатоўнасці да пастаяннага абнаўлення.
 

16 верасня 2021, 12:33