Пошук

Папа падчас св. Імшы ў Шашціне Папа падчас св. Імшы ў Шашціне 

Папа да славацкіх вернікаў: сведчыць пра прыгажосць Евангелля

Багародзіца дае прыклад веры, якая становіцца шляхам, прароцтвам і спагадай, - падкрэсліў Папа 15 верасня 2021 г. падчас св. Імшы ў славацкім нацыянальным марыйным санктуарыі ў Шашціне.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У гаміліі Францішак заўважыў, што вера Марыі падштурхнула Яе выйсці ў шлях. Пасля атрымання паслання анёла Марыя паспяшыла адведаць сваю сваячку Альжбету і дапамагчы ёй. Яна “перажывала атрыманы дар, як місію; адчула патрэбу ў тым, каб расчыніць дзверы і выйсці з дома; ахвяравала жыццё і цела той нецярплівасці, з якой Бог прагнуў дасягнуць усіх людзей, каб збавіць іх сваёй любоўю”.

“Марыя выйшла ў шлях: яна аддала перавагу не камфорту звычкі, а невядомасці падарожжа, не хатняй стабільнасці, а цяжкасці пілігрымавання, не бяспецы бесклапотнай рэлігійнасці, а рызыцы веры, якая ўключаецца ў гульню, становячыся дарам любові для іншага”, - сказаў Папа, заклікаючы славацкіх вернікаў працягваць пераадольваць “спакусу статычнай веры, для якой дастаткова выканання нейкага абраду ці старажытнай традыцыяй” і “ператвараць жыццё ў пілігрымку любові да Бога і братоў”.

Падчас св. Імшы ў славацкім марыйным санктуарыі ў Шашціне
Падчас св. Імшы ў славацкім марыйным санктуарыі ў Шашціне

Францішак заўважыў, што вера Марыі была прароцтвам, бо яна канчаткова споўніла Божую задуму і стала Маці Езуса, які, згодна са словамі старца Сімяона, “прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць” (пар. Лк 2,34).

“Не будзем забывацца пра гэта: нельга зводзіць веру да цукару, які робіць больш салодкім жыццё. Езус – гэта знак, якому супраціўляцца будучыць. Ён прыйшоў, каб прынесці святло туды, дзе пануе цемра”, менавіта таму “цемра заўсёды змагаецца супраць Яго”, - сказаў Папа. “Хто прымае Хрыста і адкрываецца да Яго – паўстае да жыцця; хто адмаўляецца ад Яго – той закрываецца ў цемры і знішчае сябе”, - дадаў Святы Айцец.

Падчас св. Імшы ў славацкім марыйным санктуарыі ў Шашціне
Падчас св. Імшы ў славацкім марыйным санктуарыі ў Шашціне

Францішак заклікаў славацкіх католікаў быць у грамадстве “знакам, якому супраціўляцца будуць”. Гэта не значыць, што трэба стаць варожымі да свету, але “сведчыць жыццём пра прыгажосць Евангелля”, быць людзьмі, якія з’яўляюцца “ткачамі дыялогу там, дзе пазіцыі становяцца непрымірымымі, якія дапамагаюць заззяць братэрскаму жыццю там, дзе грамадства часта раздзяляецца і становіцца варожым, якія распаўсюджваюць добры водар гасціннасці і салідарнасці там, дзе часта пераважае асабісты і калектыўны эгаізм, якія бароняць і ахоўваюць жыццё там, дзе пануе логіка смерці”.

Папа падкрэсліў таксама, што вера Багародзіцы ператварылася ў спагаду, сведчаннем чаго з’яўляецца Яе прабыванне пад крыжам Езуса. “Гледзячы на Маці Божую Балесную, адкрыемся таксама і мы на веру, якая становіцца спагадай, якая становіцца дзяленнем жыцця з тым, хто паранены, хто пакутуе і хто вымушаны несці цяжкія крыжы на плячах. Адкрыемся на веру, якая не застаецца абстрактнай, але дапамагае нам дакрануцца да цела і стаць салідарнымі з людзьмі, якія знаходзяцца ў патрэбе. Такая вера, у стыле Бога, пакорна і без шуму, суцяшае пакуты свету і акрапляе збаўленнем баразны гісторыі”, - сказаў Пантыфік.

Св. Імша ў марыйным санктурыі ў Шашціне стала апошнім этапам пілігрымкі Францішка ў Славакіі, 55-й краіны якую ёй наведаў на працягу свайго пантыфікату.
 

15 верасня 2021, 11:17