Пошук

Францішак падчас сустрэчы з яўрэйскай супольнасцю Славакіі Францішак падчас сустрэчы з яўрэйскай супольнасцю Славакіі 

Святы Айцец да яўрэяў Славакіі: давайце дапаможам адно аднаму

“Ваша гісторыя – гэта наша гісторыя, вашы пакуты – гэта нашы пакуты”, - звярнуўся да славацкіх яўрэяў Францішак. 13 верасня 2021 г. на братыслаўскай плошчы Rybné námestie ён сустрэўся з іх прадстаўнікамі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа спаслаўся на сімвалізм месца сустрэчы. На адной з важных плошчаў сталіцы Славакіі ў мінулым побач знаходзіліся каталіцкая катэдра і сінагога: “архітэктура выяўляла мірнае суіснаванне дзвюх супольнасцей – рэдкі і вельмі яскравы сімвал, выдатны знак адзінства ў імя Бога нашых бацькоў”.

На жаль, у тым жа месцы Божае імя зганьбілі – “больш за сто тысяч славацкіх яўрэяў загінулі ў вар'яцтве нянавісці падчас Другой сусветнай вайны”. “Самае страшнае блюзнерства, якое можа быць скіравана супраць Бога, – гэта выкарыстанне Яго ў сваіх мэтах, замест павагі і любові да іншых”, - заўважыў Францішак.

Цяпер тут стаіць помнік ахвярам Халакосту. На ім напісана на іўрыце: "Памятай!". “Мы больш не можам засланяць вобраз Бога, які ззяе ў чалавеку. Давайце дапаможам адно аднаму ў гэтым. І сёння існуюць дарэмныя і ілжывыя ідалы, якія ганьбяць імя Усявышняга. Гаворка ідзе пра ідалаў улады і грошай, якія дамінуюць над чалавечай годнасцю, пра ідала абыякавасці, якая адводзіць вочы, пра ідала маніпуляцыі, які інструменталізуе рэлігію, робіць яе пытаннем перавагі і абясцэньвае. Зноў жа, гэта забыццё мінулага, няведанне, якое апраўдвае ўсё, гнеў і нянавісць. Мы адзіныя – паўтаруся – у асуджэнні ўсялякага насілля, усіх форм антысемітызму, а таксама ў імкненні супрацьстаяць апаганьванню вобраза Бога ў чалавечым стварэнні”, - адзначыў Пантыфік.

Францішак спаслаўся на рымскую сустрэчу 2017 года з прадстаўнікамі славацкіх яўрэйскай і хрысціянскай супольнасцей. Ён не хаваў радасці ў сувязі з стварэннем яўрэйскай Камісіі па дыялогу з Каталіцкім Касцёлам і сумеснай публікацыяй важных дакументаў. Папа лічыць, што трэба працягваць “братэрскі спосаб ачышчэння памяці, каб вылечыць старыя раны і ўспомніць усё добрае”.

“Свет мае патрэбу ў адчыненых дзвярах. Гэта для чалавецтва знак благаслаўлення. Благаслаўленне Усявышняга выліваецца на нас, калі Ён бачыць сям'ю братоў, якія паважаюць і любяць адно аднаго, супрацоўнічаюць”, - падкрэсліў Францішак.
 

13 верасня 2021, 17:10