Пошук

Vatican News
Цудатворная фігурка Багародзіцы ў Шашціне Цудатворная фігурка Багародзіцы ў Шашціне 

Пантыфік наведаў нацыянальны марыйны санктуарый у Славакіі

Апошні дзень падарожжа ў Славакію Францішак распачаў з візіту ў нацыянальны марыйны санктуарый у горадзе Шашцін-Стражэ, у заходняй частцы краіны.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

15 верасня 2021 г. раніцай Святы Айцец прыбыў у шашцінскую базыліку, дзе разам са славацкім біскупамі памаліўся перад цудатворнай драўлянай фігуркай Маці Божай Балеснай, якая трымае на руках нежывое цела Езуса. Да яе штогадова прыходзяць тысячы пілігрымаў не толькі з усёй Славакіі, але таксама з суседніх краін.

“Маці Касцёла і Суцяшальніца засмучаных, з даверам звяртаемся да Цябе ў радасцях і цяжкасцях нашага служэння. Паглядзі на нас ласкава і прымі ў свае абдымкі”, - прамовіў словы малітвы Папа.

Святы Айцец і біскупы разам даручылі апецы Багародзіцы Славакію і сваю біскупскую еднасць. “Адары нас ласкай жыцця з штодзённай вернасцю тымі словамі, якім Твой Сын Езус навучыў нас, і якія зараз, у Ім і з Ім, скіроўваем да Бога, нашага Айца”, - сказаў Пантыфік.

Пасля супольнай малітвы Ойча наш Францішак і славацкі епіскапат скіравалі сумесную просьбу да Бога, каб дазволіў Касцёлу “наследаваць Найсвяцейшую Панну Марыю ў сузіранні мукі Хрыста” і дапамог “праз Яе заступніцтва станавіцца ўсё больш і больш падобнымі да Яго Адзінароднага Сына і дасягнуць паўнаты Яго ласкі”.

Пасля малітвы Папа ўзначаліў св. Імшу на палявым алтары недалёка ад санктуарыя, якая стала кульмінацыйным пунктам яго чатырохдзённага візіту ў Славакію.

15 верасня 2021, 09:41