Пошук

Vatican News

Інтэнцыя Папы: клапаціцца пра экалогію па прыкладзе моладзі

У верасні Папа заклікае маліцца аб тым, каб людзі зрабілі выбар на карысць экалагічна ўраўнаважанага стылю жыцця. Сваю інтэнцыю ён агучыў і патлумачыў у відэароліку Сусветнай сеткі малітвы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Я цешуся, калі бачу, што моладзь мужна бярэцца за праекты, накіраваныя на паляпшэнне экалагічнай і сацыяльнай сітуацыі – дзвюх рэальнасцей, якія ідуць поруч. Мы, дарослыя, можам многаму навучыцца ў моладзі, бо ва ўсім, што тычыцца клопату пра планету, яна знаходзіцца ў авангардзе. Будзем жа браць прыклад з моладзі”, - сказаў Пантыфік.

Ён заклікаў падумаць пра наш лад жыцця, падумаць пра гэта асабліва ў цяперашні час крызісу, які ахапіў сферы аховы здароўя, грамадства і экалогіі. “Падумаем пра тое, як мы харчуемся, спажываем, перасоўваемся ці выкарыстоўваем ваду, энергію, пластмасу і многія іншыя матэрыяльныя даброты, што нярэдка наносіць шкоду Зямлі. Давайце зробім выбар на карысць перамен! Давайце ісці разам з моладдзю да больш простага і экалагічнага ладу жыцця”, - заахвоціў Святы Айцец.

“Будзем маліцца аб тым, каб мы ўсе здзяйснялі адважны выбар на карысць устрыманага і экалагічна ўраўнаважанага стылю жыцця і цешыліся, што ёсць маладыя людзі, якія настойліва да гэтага імкнуцца”, - агучыў малітоўную інтэнцыю Францішак.

“Іх нельга папракнуць у неразумнасці, бо яны клапоцяцца пра ўласную будучыню. Менавіта таму яны жадаюць змяніць тое, што атрымаюць у спадчыну, калі нас ужо не будзе”, - дадаў Папа.
 

02 верасня 2021, 10:13